"Беларусь 3" будзе адзначаць свята пісьменства цэлы месяц

25.08.2017

"Звязда"

Тэлеканал "Беларусь 3" прапануе далучыцца да святкавання Дня беларускага пісьменства. Але адзначаць яго плануецца не некалькі дзён, а цэлы месяц - новымі цікавымі праграмамі, звязанымі з беларускай літаратурай і кнігавыданнем.

"Звязда"

Тэлеканал "Беларусь 3" прапануе далучыцца да святкавання Дня беларускага пісьменства. Але адзначаць яго плануецца не некалькі дзён, а цэлы месяц - новымі цікавымі праграмамі, звязанымі з беларускай літаратурай і кнігавыданнем.

Ужо праз тыдзень, 1 верасня, у эфір выйдзе спецыяльны святочны выпуск "Навін культуры" з Полацка, дзе будуць адбывацца асноўныя мерапрыемствы свята. Такія праграмы навін будуць з'яўляцца ў эфіры штодзень падчас святкавання. Гледачоў чакае серыя інтэрв'ю з вядомымі выдаўцамі, пісьменнікамі, літаратурнымі крытыкамі, а таксама пераможцамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Іх узнагародзяць менавіта ў гэтыя дні.

Сацыякультурны канал "Беларусь 3" падрыхтаваў цэлы шэраг знакавых праектаў. Так, у эфір выйдуць дакументальныя стужкі і тэматычныя праграмы па матывах твораў выдатных пісьменнікаў Янкі Маўра, Якуба Коласа, Івана Мележа, Івана Шамякіна.

Варта памятаць, што сёлета лейтматывам свята з'яўляецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, таму гледачы пабачаць гісторыка-біяграфічны фільм "Я, Францыск Скарына" ("Беларусьфільм", 1969 год). А 3 верасня ў эфіры тэлеканала адбудзецца прэм'ера дакументальнага фільма "Першадрук", знятага сёлета на "Беларусьфільме". Ды і само свята пісьменства ў гэтым годзе стане тэмай для новай кінастужкі. У дні, калі Полацк будзе прымаць шмат гасцей, зацікаўленых айчыннай літаратурай, канал "Беларусь 3" пачне ствараць дакументальны праект, які ў хуткім часе прэзентуюць публіцы.

Сярод прэм'ер верасня - цыкл "Нататкі на палях", які аб'яднае праграмы пра Францыска Скарыну, Міколу Гусоўскага, Паўлюка Багрыма, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Адама Міцкевіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча і многіх іншых выдатных творцаў. Распачне серыял праграма, прысвечаная Івану Мележу, якая выйдзе ў эфір ужо 2 верасня.

Нас чакае яшчэ адзін дакументальны серыял - чатырохсерыйны праект "Скарына". Абяцаюць, што гэта будзе не проста пералік фактаў пра жыццё і творчасць першадрукара, але ў першую чаргу погляд вучоных і журналістаў на шлях, дасягненні і белыя плямы ў біяграфіі Францыска Скарыны.

Документация