Беларусь 24 рыхтуе да запуску новы тэлепраект

06.10.2017

Звязда

Міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24" рыхтуе да запуску новы тэлепраект, які пакажа нашу краіну ў нязвыклым ракурсе.

Якія ўражанні робяцца найярчэйшымі ў памяці іншаземных гасцей, якія наведваюць Беларусь упершыню, і як з цягам часу змяняецца стаўленне да беларускай зямлі ў тых замежнікаў, хто з розных прычын застаўся тут жыць? Паглядзець на сябе збоку якраз і прапануюць гледачам стваральнікі праекта Погляд на Беларусь, што стартуе ў эфіры 8 кастрычніка.

Прадстаўнікі самых розных краін свету, ад Аўстраліі да Бразіліі, студэнты і выкладчыкі, кухары і дыпламаты, акцёры і прафесійныя вандроўнікі падзяліліся са здымачнай групай сваімі адкрыццямі Беларусі і прымусілі паглядзець па-новаму на звыклыя рэчы...

Дарэчы, адкрыць Беларусь для іншых можаце і вы. З 1 кастрычніка на афіцыйных старонках тэлеканала ў сацсетках пачаўся конкурс-эстафета здымкаў Я адкрываю Беларусь. Каб далучыцца да яго, трэба апублікаваць у сацыяльных сетках фота маляўнічых краявідаў, а таксама свае ўспаміны або цікавыя факты пра гэтыя мясціны, з хэштэгам #яоткрываюбеларусь, - і перадаць эстафету сваім сябрам, згадаўшы іх імёны ў публікацыі. Аўтары найлепшых работ, на думку творчай каманды "Беларусь 24", атрымаюць спецыяльныя прызы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.