"Беларусь 1" пакажа драму "БССР. Невядомая гісторыя"

04.01.2019

"Звязда"

Да 100-годдзя ўтварэння БССР, якое адзначаецца сёлета, тэлеканал "Беларусь 1" падрыхтаваў адмысловы праект - публіцыстычныя партрэты людзей, якія прымалі самы непасрэдны ўдзел у гістарычных падзеях.

Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў, Вільгельм Кнорын, Аляксандр Мяснікоў - некалі гэтыя імёны былі вядомыя ўсёй краіне, але пазней біяграфіі гэтых дзяржаўных дзеячаў шчыльна рэдагаваліся і "падчышчаліся", таму сучасныя беларусы ведаюць пра дасягненні, жыццёвыя прынцыпы і ідэалы гэтых людзей не так і шмат.

Запоўніць гэтыя прабелы тэлевізійнікі пастараліся ў чатырохсерыйнай дакументальнай драме "БССР. Невядомая гісторыя", што выйдзе ў эфір з 8 па 11 студзеня. "Гэта спроба расказаць гісторыю з пункту гледжання сучаснасці, не ідэалізуючы, але суперажываючы", - падкрэслівае аўтар серыяла Вікторыя Касянюк. Каб адшукаць і праверыць цікавыя факты, убачыць арыгіналы важных дакументаў, абмеркаваць розныя версіі падзей з вядомымі гісторыкамі і сустрэцца з нашчадкамі сваіх герояў, здымачная група праекта пабывала не толькі ў розных гарадах Беларусі, але таксама ў Смаленску, Маскве, Ерэване. Удалося адшукаць, напрыклад, унучатую пляменніцу Змітра Жылуновіча - не толькі бальшавіцкага дзеяча, але і паэта Цішкі Гартнага, моднага дэндзі і ахвяры палітычных гульняў, які дабіваўся прызнання беларусаў самастойнай нацыяй, але быў выключаны з партыі, арыштаваны, названы псіхічна хворым і памёр у псіхіятрычнай лякарні пры цьмяных абставінах...

Дакументальны серыял унікальны тым, што некаторыя нашчадкі вядомых гістарычных дзеячаў упершыню пагадзіліся даць інтэрв'ю перад камерамі. Рэканструяваць падзеі мінулага рэжысёры Яна Шаблыка і Алег Рудзін паспрабавалі з дапамогай журналісцкіх расследаванняў, мізансцэн з удзелам акцёраў Алега Коца (Мяснікоў), Валерыя Глазкова (Жылуновіч), Дзмітрыя Саснова (Кнорын) і Паўла Бельскага (Чарвякоў) і гульні са святлом і ценямі, якія запаўняюць тую ці іншую недаказанасць.

Вікторыя ЗАХАРАВА.