"Звязда"
Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пачынаюць сваю работу фотапраект "Я сэрцам бачу" і інфармацыйна-дакументальная выстаўка "Тутэйшыя". Новыя экспазіцыі працягваюць выставачны праект Нацыянальнай бібліятэкі "Малая радзіма - аповесць часоў", прымеркаваны да Года малой радзімы.У галерэі "Атрыум", што на 3-м паверсе бібліятэкі, сваім асаблівым бачаннем нашай краіны падзеляцца фатографы, аб'яднаныя праектам тэлеканала "Беларусь 24" "Я сэрцам бачу". Да ўвагі - самыя яркія фотаздымкі, прысвечаныя нашай краіне: прыгожыя пейзажы, дзікія жывёлы, культурныя славутасці і важныя падзеі.
Здзейсніць шпацыр па гарадах Беларусі запрашае панарамны фатограф, стваральнік віртуальных тураў Станіслаў Багдзевіч, паназіраць за дзікай прыродай і атрымаць асалоду ад выдатных пейзажаў родных мясцін прапануюць фотамастакі Ігар Бышнёў, Сяргей Плыткевіч, Максім Мекшын і Сяргей Тарасаў. Рэпартажны фатограф Ілья Гелей падзяліўся фотаздымкамі беларусаў розных прафесій і ўзростаў, з розным адчуваннем жыцця і поглядамі. Фатаграфіі Мікіты Церахава паказваюць архітэктуру з незвычайнага ракурсу, адлюстроўваюць хараство гарадскога асяроддзя. А "мабільны" Аляксандр Меклер сваімі работамі даказвае, што для добрага фота не патрэбна дарагая тэхніка - хопіць звычайнага тэлефона, бо фатаграфія - гэта не тэхніка, на якую мы яе робім, фатаграфія - гэта мы самі.
У кальцавым калідоры 3-га паверха адкрыецца інфармацыйна-дакументальная выстаўка з фондаў бібліятэкі - "Тутэйшыя". Больш за 300 тэматычных выданняў расказваюць пра славутыя імёны асветнікаў, дыпламатаў, палкаводцаў, касманаўтаў, вынаходнікаў, дзеячаў культуры, спартсменаў, якія нарадзіліся ў Беларусі, а таксама вылучыліся сваімі талентам і здольнасцямі за яе межамі. Выстаўка мае шэсць раздзелаў, кожны з якіх прадстаўляе пэўны абласны горад і вобласць у цэлым, і будзе доўжыцца да 31 снежня.
Пазнаёміцца з фотавыстаўкай "Я сэрцам бачу" можна да 1 ліпеня 2018 года.