Алена Спірыдовіч: Сёлетні "Славянскі базар" стане для мяне 26-м

Алена Спірыдовіч: Сёлетні "Славянскі базар" стане для мяне 26-м

07.07.2018

"Звязда"

Заслужаная артыстка Беларусі Алена Спірыдовіч - нязменная спадарожніца фестывалю "Славянскі базар у Віцебску".

Яна працавала на самым першым з усіх, на другім - стала вядучай канцэртаў. На сцэне віцебскага амфітэатра падчас адкрыцця фестывалю яна з'явіцца і сёлета. Пра "Славянскі базар", працу на тэлебачанні, ідэальны шлюб і многае іншае мы пагутарылі з тэлевядучай.

- Дарэчы, мая бабуля Ніна Іванаўна Казармшчыкава шмат гадоў адпрацавала ў "Звяздзе" машыністкай-стэнаграфісткай-перакладчыцай, - пачынае Алена Спірыдовіч. - Звяздоўцы заўсёды пра яе памяталі: прыязджалі дадому з кветкамі, падарункамі і сувенірамі, віншавалі са святамі. Найлепшыя бабуліны фотаздымкі на 80-гадовы, 90-гадовы юбілеі зроблены фотакарэспандэнтамі газеты. Яна заўсёды старанна рыхтавалася, хадзіла ў цырульню, рабіла прычоску, манікюр. Бабуля была маёй самай лепшай дарадчыцай, выдатна ведала беларускую мову, да апошняга яе дня ў любы час сутак я магла патэлефанаваць і спытаць, як па-беларуску лепш сказаць нейкі выраз, і яна давала такі прыгожы пераклад!

- Хутка чарговы раз вы з'явіцеся на сцэне на адкрыцці 27-га "Славянскага базару"...

- І для мяне ён будзе 26-м па ліку. На самым першым я не была вядучай, а працавала карэспандэнтам у "Дзённіках фестывалю". І адбылася тая вядомая гісторыя. Праграма тады выходзіла ў прамым эфіры. На адзін з уваходаў у амфітэатр ставілі камеру. Была група людзей - кампазітары, артысты, арганізатары, — якія да мяне па чарзе падыходзілі, я брала інтэрв'ю, расказвала штосьці пра фестываль. Дзённік ішоў 15 хвілін, да якіх я цалкам рыхтавалася. На трэці дзень канцэрт затрымалі на 20 хвілін. Пра гэта ведалі ўсе, акрамя групы "Дзённікаў". Я расказваю-расказваю, у мяне ўжо людзі скончыліся, а пазыўных фестывалю ўсё няма.

Я адразу скажу, што не надта ганаруся тым эфірам. Я спыняла гледачоў, якія спазняліся, прыцягнула білецёрку, міліцыянера, у кагосьці выхапіла з рук фестывальную газетку і прачытала праграму на наступны дзень, хіба што толькі не пела і не танцавала. І трэба ж было такому здарыцца, што старшыня Белтэлерадыёкампаніі, а тады гэта быў Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, уключыў тэлевізар паглядзець новую дзяўчынку на "Дзённіках". І сказаў: адпраўляйце яе назад у Мінск, прышліце кагосьці больш вопытнага. Пасля такой навіны ў свой нумар я не пайшла, бо ведала, што прарыдаю ўсю ноч. Пайшла ў кавярню, узяла каву. Падсаджваецца да мяне мужчына з суседняга століка, які аказаўся галоўным рэжысёрам фестывалю з Масквы (Сяргей Віннікаў. - Аўт.), кажа, што бачыў мой эфір. Ён загадзя ведаў, што канцэрт затрымліваецца, і адразу зразумеў, што гэтага не ведаю я. І вельмі забаўляўся тым, што адбывалася ў кадры. Зрабіў мне камплімент і сказаў, што хацеў бы, каб на наступны фестывальны год я выйшла на сцэну ў якасці вядучай. Глытаючы слёзы, я сказала, што мяне ўжо выгналі. Ён паабяцаў, што возьме на сябе гэты момант. А пазней мне патэлефанавалі мае калегі і сказалі, што прабіліся да Генадзя Мікалаевіча, усё яму растлумачылі, і мне далі яшчэ адзін шанц, таму я працягвала весці "Дзённікі".

Я заўсёды ўсміхаюся сама сабе, калі чую ад артыстаў, што Масква можа даць такую раскрутку, калі ў цябе ёсць грошы, што ты адразу станеш зоркай. У маім жыцці адбывалася наадварот: мяне запрашалі і мне плацілі грошы. На наш кінафестываль "Лістапад", дарэчы, мяне паклікаў Расціслаў Іванавіч Янкоўскі, калі сустрэўся са мной на сочынскім "Кінатаўры", дзе я вяла "Зорную дарожку". І такіх гісторый у маім жыцці нямала. І добра, што некаторыя з іх працягваюцца.

- Якім у вашай памяці застаўся першы "Славянскі базар" у ролі вядучай? Усім вы запомніліся незвычайнай прычоскай...

- Мне вельмі хацелася запомніцца. Я ж прыехала ўжо не проста як карэспандэнт, а як вядучая вялікага фестывалю. Што датычыцца ўласных валасоў, я заўсёды грашыла ўсялякай навізной. Рэжысёр Аляксандр Вавілаў, калі віншаваў мяне з 8 Сакавіка, напісаў вершы з радкамі пра мае эксперыменты з прычоскай: "Спірыдовіч, Спірыдовіч, галава — не палігон". Але на той момант мой галоўны эксперымент быў яшчэ наперадзе. Я прыехала ў Віцебск з нармальнай прычоскай, якую насілі сотні маладых дзяўчат. Але прыйшла да свайго сябра, майстра міжнароднага класа, ён трэніраваў нашу зборную па цырульніцкім майстэрстве. І папрасіла: зрабі так, каб мяне запомнілі.

Першае, што ён зрабіў, - збрыў грыўку. Галава пасля стрыжкі стала падобнай на кабачок. Я калі ўбачыла сябе ў люстэрку, заплакала. Але ўдар я трымаю, таму выцерла слёзы і пайшла на вуліцу. У людзей, якія мяне сустракалі, такія дзіўныя твары рабіліся. Каб адразу спыніць усе размовы, я казала, што доўга марыла пра такую прычоску і мая мара ажыццявілася. Канешне, было вельмі сорамна перад галоўным рэжысёрам фестывалю, падвоху ад мяне ён не чакаў. Але, як чалавек крэатыўны, сказаў, што нешта ў гэтым ёсць. У прафесіянальным плане мне прычоска дапамагла. Я так працавала! Быў суперстымул — даказаць, што я не проста фіфа, якая пастрыглася налыса, каб яе запомнілі. І гледачы да канца фестывалю даравалі мне стрыжку.

- Кожны наступны фестываль таксама трэба было здзіўляць, каб трымаць марку?

- Ні ў якім разе! Я пасля сябравала з майстрам шмат гадоў, але больш ніколі не садзілася да яго ў крэсла. А ён у адным з інтэрв'ю сказаў: "У маім крэсле плакала адна вельмі вядомая зараз вядучая. А апошнія пяць гадоў плачу я, бо яна не хоча мяняць прычоску".

- У вас заўсёды прыгожыя канцэртныя сукенкі. Што з імі адбываецца пасля?

- Частку захоўваю дома, частку - на тэлебачанні. Штосьці, дарэчы, нашу дагэтуль. З канцэртнымі касцюмамі не так проста развітацца, з кожным звязана свая гісторыя. І мая шафа змесціць яшчэ шмат дызайнерскіх эксперыментаў.

- Шыеце ўборы ў знакамітых мадэльераў?

- Калісьці даўно я, невядомая вядучая, падышла на паказе да невядомага мадэльера і сказала: "Мне так падабаецца тое, што вы робіце. А я вядучая на тэлебачанні. Падумайце пра мяне". Так мы сталі з ёй кантактаваць. Ужо потым яна стала знакамітай, узначаліла Беларускі цэнтр моды, гэта вядомая Эльвіра Жвікава. Шмат гадоў мы з Элай працавалі, дагэтуль падтрымліваем цёплыя сяброўскія адносіны. Я ёй удзячная за пачуццё стылю, якое яна мне прывіла. Даўно ў маім жыцці з'явілася віцебскі дызайнер Таццяна Сычова. Сукенку яна ўмудраецца, дарэчы, пашыць за дзве прымеркі: адна тут, у Мінску, калі мы тканіну выбіраем, а другая ў Віцебску, за дзень да фестывалю.

- Вы вядучая праграмы "Белорусское времечко" на тэлеканале "Беларусь 1", "Беларуская кухня" на "Беларусь 3" і "Брацкая кухня" на тэлеканале саюзнай дзяржавы "БелРос". Гэта практычна штодзённы эфір, прычым у такіх розных перадачах. А "Белорусское времечко" ўвогуле ідзе ў прамым эфіры...

- Я вельмі люблю гэты праект, ён такі шчыры. Прамы эфір - гэта для мяне такі космас. Вельмі важная твая рэакцыя тут і цяпер, твае адчуванні, жыццёвы вопыт, пазіцыя. "Белорусское времечко" - той праект, які дае добры стымул працаваць, бо падчас кожнай праграмы знойдзецца некалькі ўдзячных чалавек, таму што мы вырашылі іх камунальныя, спажывецкія, чалавечыя праблемы. Значыць, не дарэмна працуем. Я, дарэчы, не люблю працаваць на знос, бо хочацца адчуваць задавальненне ад справы, якую робіш. Ну паспееш ты зрабіць некалькі праграм і канцэртаў за тыдзень, але задавальнення ад гэтага мала. Лепш спакойна адпрацаваць адзін канцэрт.

- З боку здаецца, што ў вас з Юрыем Брэусам ідэальны шлюб. Складана нават уявіць, што вы можаце пасварыцца...

- Канешне, можам, мы ж нармальныя людзі. Але тут мае значэнне, як сварыцца.

- І як?

- Пачынаецца з таго, што мой муж кажа: "Ведаеш, Алена..." І гэта ўжо канфлікт. Бо ніколі ў нармальным жыцці ён не называе мяне "Алена". Мы ніколі не павышаем голас адно на аднаго, не кажам крыўдных рэчаў - усё роўна ж потым давядзецца мірыцца. Калі мужу здаецца, што я не маю рацыі, ён бярэ мяне за рукі і моцна трымае, глядзіць у вочы і спакойна кажа, у чым я не маю рацыі. І гэта амаль збіццё немаўляці. Але я разумею, што ў большасці выпадкаў праўда на яго баку. Ёсць, дарэчы, вельмі добры спосаб не сварыцца. Для гэтага трэба болей размаўляць. Вось калі спакойна адносіны імкнешся высветліць, калі ведаеш, што можа пакрыўдзіць іншага, дакладна не захочаш зрабіць непрыемна чалавеку, якога кахаеш. Добрыя адносіны ў сям'і - гэта штодзённая праца, у тым ліку і над памылкамі... Вось я дзесьці прачытала: самае частае слова, якое ўжываецца пасля словазлучэння "сапраўдны мужчына"...

...павінен?

- Так. У 98 % выпадкаў. Ды нікому ён нічога не павінен. Трэба паглядзець на сябе і спытаць: а што ты павінна? Ніхто нічога не павінен ні табе, ні іншым людзям.

- Вельмі мудра. Да такога разумення прыйшлі ў другім шлюбе?

- Першы раз я выйшла замуж у 18 гадоў, зусім дзяўчынкай. А мужу было 29, гэта быў дарослы сфарміраваны чалавек. Калі я выходзіла замуж другі раз, а ў Юры гэта таксама быў другі шлюб, ён напісаў у сваёй запісной кніжцы, што гэта перамога надзеі над вопытам. Так і жывём дагэтуль.

- З сынам Юрыя ад першага шлюбу падтрымліваеце кантакт?

- Так, калі ён тут бывае. Сяброўства няма, бо павінна быць імкненне з двух бакоў. Але калі ён тут, мне здаецца, яму камфортна.

- Вы з мужам часта ў раз'ездах. Для шлюбу гэта добра ці дрэнна?

- Самае страшнае ў маім жыцці ўжо было. Муж працаваў у Маскве сем гадоў, і мы не бачыліся па паўтара-два месяцы. Я не ўяўляю, як я пражыла гэты час. Мяне здзівілі некаторыя сяброўкі, якія сказалі: гэта такое шчасце, што ў вас няма будняў. Па-мойму, калі людзі кахаюць адно аднаго, яны павінны жыць разам. У нас гэта была вымушаная мера, звязаная з працай. Юра з'язджаў на адзін год - зарабіць грошы, а там у яго пайшла кар'ера. Для мужчыны гэта важна. Ён са мной раіўся, і я разумела, што не маю права трымаць яго дома. Мне не хацелася, каб ён калі-небудзь мяне гэтым папракнуў. Калі ў жыцці здарылася бяда (тэлевядучая страціла сына. - Аўт.) і я тут засталася адна, ён вярнуўся - звольніўся ў адзін дзень, каб быць побач.

- Прафесія тэлевядучай патрабуе пэўных ахвяр. Як падтрымліваеце прыгажосць?

- Ну якая там прыгажосць? Я такая, якая я ёсць штодзень. Часта на вуліцы мне людзі кажуць: "Ой, вы такая прыгажуня ў жыцці!" А я думаю: якой жа яны мяне бачаць па тэлевізары? У мяне ёсць знаёмыя касметолагі, якія ўмеюць рабіць масажы, маскі, і гэта незямная асалода. Іх рэкамендуецца рабіць два разы на год па дзесяць сеансаў. Але ёсць адна ўмова: пасля нанясення прэпаратаў у гэты дзень нельга карыстацца касметыкай. А такіх дзён у маім жыцці вельмі мала. Таму атрымліваецца не два разы на год, а адзін, прычым не дзесяць, а ў лепшым выпадку восем сеансаў. Уколы прыгажосці зрабіла адзін раз у жыцці - такі боль, мне не падыходзіць гэта працэдура. Ёсць свае сакрэты прыгажосці, але яны ў натуральным выглядзе. Мне лепш кудысьці паехаць, паесці фруктаў. Летам, дарэчы, нікуды не езджу - мне і тут добра.

А зіму цяжка вытрымаць, больш за месяц без сонца не выношу. У канцы кастрычніка - пачатку лістапада я звычайна еду ў Сочы на штогадовы дзіцячы фестываль "Кінатаўрык". Летась у канцы лістапада два тыдні мы з мужам адпачывалі ў В'етнаме. Вада +30, тэмпература +35 - вельмі камфортны для мяне клімат. Пасля старога Новага года мяне зноў цягне пахадзіць басанож па пяску. Сёлета паехаць не атрымалася, і я ледзьве перажыла гэтую зіму. Вось муж нядаўна вярнуўся з Пальма-дэ-Мальёркі, дзе яны плавалі з сябрамі на яхце. Я не паехала, бо не люблю такі адпачынак на вадзе. А Юра вярнуўся і сказаў, што ў яго было адно жаданне: узяць мяне ў ахапак і паехаць разам. Я задаволеная, што ён адпачыў, да таго ж паабяцаў, што абавязкова з'ездзім на Пальма-дэ-Мальёрку ўдваіх.

Алена КРАВЕЦ.