Алег Вінярскі: "Як хірург разразае цела, так дыктар і акцёр - літары"

Алег Вінярскі: "Як хірург разразае цела, так дыктар і акцёр - літары"

07.09.2019
"Сельская газета" 

Актер и режиссер Белорусского радио Олег Винярский говорит, что свой голос можно искать десятилетиями.
Каб трапіць на Беларускае радыё, ён адолеў конкурс 300 чалавек на месца і развітаўся з тэатрам.

Слухачы Беларускага радыё з трымценнем чакаюць перадач Алега Вінярскага, у тым ліку і каб пачуць голас любімага вядучага. А ён - заўсёды ўзнёслы, няспешны, аксамітны, нібы закалыхвае, перадае ўсю палітру шматграннага жыцця. Слухаем у выкананні акцёра і дыктара радыёспектаклі, творы айчыннай і замежнай класікі, духоўныя і грамадскія перадачы. Па сваёй асноўнай спецыяльнасці ён рэжысёр радыёвяшчання, але слухацкай аўдыторыі больш вядомы як акцёр і чытальнік. Алег Вінярскі рыхтуе літаратурна-музычныя кампазіцыі ў Белдзяржфілармоніі. Там слухачы ператвараюцца ў гледачоў, і любімага вядучага бачаць. Дарэчы, ён невыпадкова схаваўся за прыёмнікам, бо для захавання радыёжанра на высокім узроўні патрэбна пэўная таямнічасць, праца над сабой, якая на свет не выносіцца і магчымая толькі ў адзіноце. 

- Голас арганічны з чалавекам, перадае яго ўнутраны свет, сутнасць, перажытае. Ён нараджаецца з душы, выхаваны тваімі пакутамі, перамогамі, стратамі, а шукаць яго часам прыходзіцца многа гадоў, - Алег Вінярскі пераносіць слоўнае мастацтва ў эпоху Рэнесансу, калі славутыя майстры бралі да сябе падлеткаў, якія расціралі фарбы і малявалі. І ў дыктарстве сутнасць - намаляваць эскіз гармоніі з сабой.

"Дыктарству нельга навучыць, але можна навучыцца", - залатая ісціна Ільі Кургана, які, на вялікі жаль, пайшоў з жыцця. Па-першае, Алег Вінярскі, каб набрацца вопыту, слухаў стосы стужак з фондаў Беларускага радыё. Не мог адарвацца, бо гэта суцэльны скарб - узорныя галасы Ліліі Стасевіч, Льва Валодзіна, Любові Бацвіннік, Уладзіміра Юрэвіча, Ільі Кургана, Мікалая Анціпава, Галіны Сядзельнікавай, Галіны Яроменка, Мікалая Чырыка, Ліліі Пількевіч, Алеся Свістунова - дзякуючы гэтым і іншым дыктарам сфарміравалася годнае літаратурнае вымаўленне на радыё.

Узорна прамоўлены сказ адразу адкладаецца ў вуха, сэрца і розум без аніякага напружання. Але для гэтага ён павінен быць бездакорны па артыкуляцыі, логіцы і гукавым пасыле. Вачыма мы чытаем са сваёй інтанацыяй, агучваем тэкст па іншых законах - тэатральных. Ёсць галоўныя словы і другасныя, задача - звязаць тэкст адзінай думкай. Але гэтаму ўжо ніхто не вучыць, бо няма ні прафесіі дыктара, ні носьбітаў-майстроў.

- Заўсёды ў цане індывідуальнасць, якая паступова знікае, нівеліруецца. Усё менее асоб, якія б маглі на нас паўздзейнічаць, час ператварыўся ў аўтаматычны, хацелася б яго спыніць і агледзецца. Мне з юнацтва карцела даць магчымасць людзям паслухаць вялікія творы, - вызначае сваю місію Алег Вінярскі.

Нездарма выступае рэжысёрам радыёспектакляў, удзельнічае ў іх артыстам, начытвае слухачам айчынную і замежную класіку. У арсенале пастаноўкі па творах сучасных беларускіх пісьменнікаў ажывілася ў эфіры дакументальная п’еса Георгія Марчука, прысвечаная маладым гадам Якуба Коласа, "Пастка" Васіля Быкава пра лёс лейтэнанта Клімчанкі, "Няма шляху чужога" Уладзіміра Саламахі аб стаўленні да людзей, што супрацоўнічалі з акупантамі. Загучаў у радыёэфіры гістарычны дэтэктыў Ягора Конева "Сёстры Дастаеўскія", дзе апісаны лёс продкаў Фёдара Дастаеўскага, якія жылі ў ВКЛ. Па прапанове ўнучкі Кандрата Крапівы Алены Атраховіч зроблены спектакль пра яе дзядзьку Барыса, які загінуў у Сталінградскай бітве. Падмуркам сталі яго 44 франтавыя лісты. Новымі фарбамі зайгралі "Магнаты і сірата" паводле Уладзіслава Сыракомлі, моцны састаў артыстаў - Генадзь Аўсяннікаў, Віктар Манаеў, Арнольд Памазан, Уладзімір Мішчанчук, Марыя Захарэвіч - выступіў у "Млечным шляху" Кузьмы Чорнага. Магутная пастаноўка ў чатырох частках "Воўчая зграя" паводле Быкава, якая выйшла да сёлетняй гадавіны з Дня вызвалення Беларусі.

- Мая з самых любімых прац, - цешыцца зробленым рэжысёр. - У ёй выдатнейшыя акцёрскія сілы, гэта Аляксандр Гарцуеў у ролі апавядальніка, Сяргей Жбанкоў з Рускага тэатра імя Горкага сыграў маладога Леўчука, а знакаміты Генадзь Аўсяннікаў - гэтага героя ў сталасці. Рабіла інсцэніроўку Галіна Шаблінская - наш кіраўнік праекта. Таленавіты гукарэжысёр Валерый Бяляеў змог аднавіць ва ўяўленні слухача ўмовы партызанскага лесу, дрыгвы, пасткі. Павароты сюжэту заварожваюць: страціўшы таварышаў, Ляўчук хаваецца ад фашыстаў у балоце на руках з немаўляткам, якое не давала згаснуць кволай надзеі партызана, наталяла яго сілай. Праз гады пажылы герой ідзе паглядзець, каго ўратаваў.

Гэткія шчымлівыя сюжэты рэжысёру па плячы: з 1996 года мае вопыт у літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага радыё. Хросны бацька ў прафесіі Ігар Лапцінскі адразу прыкмеціў пачынаючага дыктара, далучаў яго да акцёрства: "Алег, не чакай, што прыйдуць і запросяць, рухайся і прапануй сам". Неўзабаве малады артыст запісаў апавяданне Янкі Сіпакова "Жывы чалавек", сыграў унука ў п’есе "Мой генерал" Альберта Ліханава, выцягваючы фальцэт 12-гадовага юнака ў аповедах пра жыццё свайго гераічнага дзядулі. Тады зразумеў: як хірург разразае цела, так акцёр - кожную літару, бо за імі сутнасць, пачуцці, сапраўднае жыццё. У атачэнні майстроў Мацвея Федароўскага, Тамары Нікалаевай-Апіёк, Аляксандра Падабеда, Стэфаніі Станюты адчуваў сябе зялёным і недасведчаным, але яны ласкава прынялі маладога творцу ў сваю каманду, першапраходцу пахвалілі за дэбют і наказалі шмат працаваць. Дэтэктыў "Крылаты кінжал" Алег Вінярскі ўжо ставіў самастойна, а ў артысты запрасіў Ігара Лапцінскага і Генадзя Гарбука, сыграў і сам. Пасля ўдалай прэм’еры папоўніў штат літаратурна-драматычнага вяшчання, рэдакцыю якога ўзначальвала Ніна Чайка.

Кожны спектакль - асобнае жыццё, і бывае, што яно кардынальна рознае:

- Адначасова рабіў дзве пастаноўкі  - "Я ведаў і любіў Беларусь" па творы Віталя Чаніна пра магутнасць арміі і "Казарма" пра дзедаўшчыну ў ёй. Справіўся, бо добра знаёмы з вайсковай тэмай, пасля інстытута служыў сувязістам. Тады і падумаць не мог, што атрымліваю азы для будучай справы.

Як у пастаноўках, так і да радыёперадач падыход індывідуальны: для кожнай у вядучага свой вобраз. "Акно ў свет", "Вясёлы эфір", "Ліставанне", "Пад пыхі самавара", "Помні імя сваё" і многія іншыя эфіры - у творчай біяграфіі Алега Вінярскага. У памяці яны засталіся цудоўным акцёрскім ансамблем, высокім майстэрствам гукарэжысуры. 

- Праз перадачу "Помні імя сваё" слухачы шукалі сваякоў, сяброў, знаёмых, раскрывалі лёсы. Пісьмы прыходзілі мяхамі. Я называў нашу праграму ўсенароднай спавядальняй. Паралельна на тэлебачанні выходзіў беларускі варыянт "Жди меня", але колькасць нашых "знаходак" значна пераўзыходзіла. Па ўсім свеце адгукнулася больш за 1000 чалавек. Вяшчанне ішло яшчэ па правадах. Калі ж яго знішчылі - а я лічу, гэта наш вялікі непапраўны боль, - мы сталі, як і ўсе FM-станцыі, без магутнага перадатчыка, рупара на ўсю краіну, - узгадвае Алег Вінярскі.

Адна з сучасных задушэўных перадач, якую вядзе субяседнік, - "Сустрэчы з песняй", яна перахапіла грамадзянскі пафас ад колішняй "Помні імя сваё". Слухачы таксама дзеляцца сваімі лёсамі, успамінамі. Сэнс праграмы - у еднасці праз дабрыню, любоў і міласэрнасць. Прыходзяць творчай брыгадзе прыемныя лісты. А самы шчымлівы ад слухача з Бабруйска: "Добрый день, дорогие волшебники. Спасибо за то, что своим благородным трудом вы возвращаете нам эхо быстро проскочившей жизни".

- І гэта найлепшая ўдзячнасць, якой усё сказана. Мы хочам быць рэхам для кожнага чалавека, які любіць добрую песню, для каго мастацтва і культура - не пустыя словы, - расстаўляе акцэнты вядучы. - Для нас кожны слухач - з вялікай літары. Дастойныя асаблівых слоў удзельнікі, бо не кожны пра сябе асмеліцца расказаць. Праграма жыве больш за 10 гадоў, яна для нас нябачная нітка, якая звязвае беларускую прастору радыёаматараў.

Алег Вінярскі голасам з прыёмніка цікавіўся з дзяцінства. Яму карцела, як гукі перадаюць думкі, характар, знешнасць, дух чалавека. Нездарма на прывезены з Польшчы нямецкі "Грундзік" юны Алег начытваў вершы, каб паслухаць сябе. Тым часам вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце і марыў пра сцэну. Прафесія акцёра вымагае публічнасці, можа, таму адзін з любімых заняткаў майстра - літаратурна-музычныя імпрэзы ў Белдзяржфілармоніі.

- Пасябраваў з філармоніяй даўно дзякуючы слыннай піяністцы, якая любіць і цэніць мастацкае слова, Таццяне Старчанка. Звыш дзесяці праграм з ёй стварылі, пачынаючы са спектакля па вершах Сяргея Грахоўскага з удзелам самога класіка. Калясілі з гэтай праграмай па Беларусі, а да 80-годдзя пісьменніка паказалі вялікі спектакль з аншлагам у Доме літаратара. Летась, напрыклад, зрабілі пастаноўку паводле Ігара Севяраніна. Калі ўпершыню пачуў яго вершы ў санкт-пецярбургскім тэатры, захацеў, каб яны загучалі і ў Беларусі, тым больш пры жыцці паэт таксама тут часта бываў з выступленнямі. Сутнасць яго творчасці - вясна і прага да жыцця. І зусім іншы па настроі сёлетні спектакль пра Данііла Хармса - трагічную фігуру авангарднай творчасці, менавіта ён адкрыў супярэчлівую літаратуру абсурду. Думаў, не ўсе яе зразумеюць, асабліва моладзь. Аказалася, першым падышоў юнак і падзякаваў за добрыя ўражанні.

- Вы ж яшчэ фільмы і мультфільмы агучваеце, як пачуваецца ў іпастасі дублёра?

- Гэты занятак для мяне зусім новы, нядаўна кінастудыя папрасіла агучыць па-беларуску героя з амерыканскага фільма "Зялёная кніга". Галоўная цяжкасць - патрапіць у артыкуляцыю чарнаскурага піяніста. Здаецца, справіўся. Пасля гэтую стужку тыдзень круцілі ў беларускіх кінатэатрах. Атрымаў добрыя водгукі, што беларускае слова дало характар герою. Да гэтага я таксама агучваў кіно, але дакументальнае. Ёсць спробы ў поўнаметражнай мультыплікацыі "Чартапалох", дзе падарыў галасы Цмоку і добраму сабаку. Наогул, люблю кантрасты. Казкі для мяне - школа практыкавання ў гратэску, яркасці характараў, я там магу пасваволіць голасам, чаго не зробіш у перадачах грамадскага плану.

- У тэатральна-мастацкім інстытуце марылі пра сцэну, тады чаму схаваліся за радыёхвалямі?

- Інстытуцкі таварыш падказаў пра аб’яўлены конкурс дыктараў. Хоць я і збіраўся ў тэатр, думаю - паспрабую, неабавязкова, што прайду. 300 чалавек прэтэндавалі, а ўзялі аднаго мяне. Значыць, так было трэба. Стараюся сваім голасам дарыць людзям сілы працаваць, тварыць, радавацца. Такім бачу сваё наканаванне.

Алена БАСІКІРСКАЯ.