Адценні ўсмешкі

09.06.2017

"Звязда"

Што паглядзець на тэлебачанні на наступным тыдні?

"Звязда"

Што паглядзець на тэлебачанні на наступным тыдні?

Што: "Трамвай у Парыж"

Калі і дзе: "Беларусь 3", 16 чэрвеня ў 9.20 і 12.45

Камедыйная меладрама, знятая некалькі гадоў таму на "Беларусьфільме", расказвае пра неймаверныя кур'ёзы, якія раз і назаўжды змянілі жыццё мастачкі Валерыі Сташынскай. Яе раптоўна звальняюць з працы, і ў жанчыны ёсць усяго два тыдні, каб выплаціць крэдыт і паехаць у Парыж рабіць аўтарскі фотапраект пра закаханых. Дапамогі звонку чакаць не выпадае: сардэчны сябар Косця больш схільны да азартных гульняў, чым да стварэння сям'і, таму Лера хапаецца за любую магчымасць падпрацоўкі.

Ёй небывала шанцуе прадаць адну са сваіх работ замежным наведвальнікам фотавыстаўкі і разлічыцца з даўгамі. Здаецца, сустрэча з французскай сталіцай вось-вось адбудзецца. Але... у кватэру і жыццё мастачкі выпадкова трапляе таямнічы сусед па доме, і ўяўленне Леры пра шчасце зрушваецца зусім у іншы бок.

Што: "Тры лані на алмазнай сцежцы"

Калі і дзе: "Беларусь 1", 16 чэрвеня ў 21.45, 17 чэрвеня ў 13.00 і 15.45

Чатырохсерыйны іранічны дэтэктыў - адзін з цэлай серыі фільмаў, знятых зноў жа паводле серыі кніг Наталлі Аляксандравай "Тры сяброўкі ў пошуках грошай і шчасця".

Тры неўтаймоўныя сяброўкі Каця, Жанна і Ірына нібыта магнітам прыцягваюць да сябе разнастайныя непрыемнасці, а потым з поспехам іх пераадольваюць. Вось і тут Ірыну ўсяго толькі папрасілі перадаць дыск для тэлеканала, а ў выніку яна стала выпадковай сведкай забойства аператара і выкрадання сакратаркі кіраўніка. Прагледзеўшы дыск нібыта з запісам адкрыцця моднай выстаўкі, яна з жахам бачыць сярод прысутных сваю найлепшую сяброўку Кацярыну і вырашае дакапацца да праўды: няўжо тая мае дачыненне да злачынства? Праўда, да пошукаў ісціны давядзецца прыцягнуць сябровак і пры гэтым пазбегчы сустрэчы з кілерам, які адкрыў паляванне на празмерна цікаўную паненку. Пры чым тут лані і алмазы? Каб атрымаць адказ, давядзецца праглядзець усе чатыры серыі фільма.

Што: "Горад прывідаў"

Калі і дзе: "Беларусь 2", 18 чэрвеня ў 13.50

Па назве можна вырашыць, што перад вамі трылер або містыка. Зусім не — гэта даволі забаўная фантастычная камедыя пра прыгоды амерыканскага дантыста.

Зубны ўрач Бертрам Пінкус вылучаецца любоўю да прафесіі і непрыязнасцю да сваіх пацыентаў і ўсіх людзей наогул. Падчас невялікай аперацыі ён перажывае 7-хвілінную клінічную смерць, а вярнуўшыся зноў у свет жывых, раптам адкрывае ў сябе новую ўласцівасць. Цяпер ён можа бачыць душы памерлых, якія актыўна карыстаюцца магчымасцю і дастаюць яго просьбамі перадаць вестку з таго свету. Каб пазбавіцца ад гэтай хеўры прывідаў, дантыст заключае джэнтльменскае пагадненне з памерлым Фрэнкам Херлі: той абавязуецца абараніць Бертрама ад іншых духаў, а ўзамен патрабуе разладзіць вяселле сваёй удавы з яе новым выбраннікам...

Документация