"Звязда"
28 мая, у Дзень пагранічніка, на "Беларусь 1" адбудзецца прэм'ера трохсерыйнага мастацка-дакументальнага фільма "Векавы рубеж", знятага творчымі сіламі Белтэлерадыёкампаніі да 100-гадовага юбілею Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
"Работа над праектам пачалася яшчэ ў студзені мінулага года, - адзначаюць у медыяхолдынгу. - Здымачнай групе давялося запісаць дзясяткі інтэрв'ю з відавочцамі падзей - ветэранамі пагранічнай службы, кансультантамі і экспертамі, перагледзець мноства матэрыялаў з беларускіх і расійскіх архіваў". Увайшлі ў фільм і эксклюзіўныя кадры з Пагранічнага вострава - гэта невялікі кавалак беларускай зямлі, куды ў 1941 годзе трапіў першы ўдар нямецка-фашысцкіх войскаў і дзе раней ніколі не праводзіліся тэле- і кіназдымкі.
У кожнай серыі, як абяцаюць аўтары праекта - рэжысёр Аляксандр Ігначкоў і спецыяльныя карэспандэнты АТН Аляксандр Харавец, Юрый Шаўчук і Аляксандр Марцінёнак, - гледачы ўбачаць пэўны этап з гісторыі беларускай пагранічнай службы. А яшчэ даведаюцца, напрыклад, колькі секундаў адведзена дзяжурнаму па заставе на выяўленне парушальнікаў мяжы, чаму ахвотныя з усяго свету едуць вучыцца на пагранічнікаў у Мінск.
Вікторыя ЗАХАРАВА.





