19 красавіка выйдзе новая праграма "Наша Алімпіяда"

12.04.2019
"Звязда"

19 красавіка на тэлеканале "Беларусь 5" выйдзе новая праграма "Наша Алімпіяда".
Яе вядучы Генадзь Вайтовіч зладзіць "тэст-драйв" галоўных спартыўных аб'ектаў, якія прымуць кантынентальны форум, наведае трэніроўкі і даведаецца эксклюзіўную інфармацыю ў трэнераў беларускіх зборных, а таксама прапануе нашым спартсменам прайсці незвычайныя выпрабаванні.

Так, ужо ў першым выпуску праграмы вядучы праверыць на зручнасць для спартсменаў і балельшчыкаў стралковы комплекс імя маршала С. Цімашэнкі, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі падзеліцца з гледачамі прагнозамі і чаканнямі ад спаборніцтваў па дынамічнай новай лёгкай атлетыцы — DNA, якія пройдуць у Мінску ўпершыню, а кандыдаткі ў зборную Беларусі па баскетболе 3х3 будуць спаборнічаць у меткасці, закідваючы ў кошык... бульбу з максімальнай адлегласці.

Акрамя таго, расказалі "Звяздзе" ў медыяхолдынгу, "Наша Алімпіяда" пакажа відэавізітоўкі лідараў беларускай нацыянальнай каманды, а гледачам прапануе праверыць спартыўныя веды.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.