Радыёконкурс "Слаўся, зямлі нашай светлае імя"


28 сакавіка пачаўся II тур конкурсу "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!", які праводзіцца Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё. На гэтым этапе адбудзецца жывое праслухоўванне ўдзельнікаў прафесійным журы.

Нагадаем, прыём заявак для ўдзелу ў музычна-патрыятычным праекце-конкурсе на арыгінальнае выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!" праходзіў з 1 верасня 2016 года па 1 сакавіка 2017 года.

Для ўдзелу ў праекце прыняты 53 заяўкі: у намінацыі "Харавое выкананне" - 27, "Ансамблевае выкананне" - 24, "Выкананне сола" - 2. Папярэдняя колькасць удзельнікаў конкурсу - каля 1700 чалавек. Сярод канкурсантаў прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны, вайскоўцы і курсанты, навучэнцы сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, прафесійныя і аматарскія музычныя калектывы.

Жывое праслухоўванне ўдзельнікаў конкурсу адбудзецца ў  Вялікай студыі Дома радыё і будзе праходзіць некалькі дзён.

Па выніках праслухоўвання прафесійнае журы назаве фіналістаў, які пройдуць у III тур. Пераможцы будуць аб’яўлены ў маі.

У склад журы ўвайшлі: паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карызна (старшыня журы), мастацкі кіраўнік дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы "Моладзевы тэатр эстрады", народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, прафесар, загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кузняцоў, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава і іншыя дзеячы культуры Беларусі.

Музычна-патрыятычны праект-конкурс на арыгінальнае выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь праводзіцца дзеля папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, грамадзянска-патрыятычнага выхавання маладога пакалення, фарміравання ў грамадстве глыбокай пашаны да гераічнага гістарычнага мінулага, культуры свайго народа, любові да Радзімы і роднай мовы.

Слоган праекта - "Ведай гімн сваёй краіны!".

Арыгінальнае выкананне прадугледжвае самастойную музычную інтэрпрэтацыю, якая па сваёй сутнасці не супярэчыць класічнаму эталоннаму выкананню Дзяржаўнага гімна як музычна-паэтычнага твора, што ўслаўляе краіну.

Усе падрабязнасці конкурсу - на сайце www.radio1.by. Таксама за ходам яго рэалізацыі можна сачыць у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Зараз у эфiры

11.10 "Сямейная праграма".
Далей Далей


Кантакты

Беларускае радыё
вул. Чырвоная, 4, Мінск, 220807, Рэспубліка Беларусь 
Тэл.: 284 84 24
Факс: 290 62 42
E-mail: radio1@tvr.by