Жыхары Паднябеснай апамятваюцца пасля наймацнейшага землетрасення

22 апреля 2013

Расказвае Лізавета Казакова:Паводле апошняй інфармацыі, загінулі больш за 200 чалавек. У правінцыі Сычуань усё яшчэ фіксуюць паўторныя падземныя штуршкі. Такім чынам,  землетрасенне працягваецца ўжо трэція суткі. У пацярпелыя раёны прыбываюць грузавікі з гуманітарнай дапамогай. У наваколлях горада, на які прыйшоўся асноўны ўдар, парушана электразабеспячэнне, абарваныя тэлефонныя лініі і няма вады. Гэтая трагедыя яшчэ больш згуртавала кітайскі народ. Усяго за некалькі гадзін на рахунак Чырвонага Крыжа пералічылі больш за 8 мільёнаў долараў. Такія ўдары па-сапраўднаму аб'ядноўваюць нацыю. Наступствы разбуральнага землетрасення ў правінцыі Сычуань   перажываюць зараз больш за 11 тысяч   чалавек.   Хоць землетрасенні для Кітая не рэдкасць, такога тут не было з 2008-га года, калі стыхія забрала 70 тысяч жыццяў.  Урад Кітая аказвае інтэнсіўную дапамогу: разбітыя палатачныя лагеры, медыкі працуюць няспынна. Доступ у шэраг населеных пунктаў ускладнены. Тым больш што серыя падземных штуршкоў, а іх колькасць перавысіла 1160, выклікала  апоўзні і завалы.  Ратуюць толькі верталёты. За сітуацыяй у   Кітаі з асобай трывогай сочаць у суседняй Карэі. Спецыялісты вядуць   пастаянны маніторынг сейсмічнай актыўнасці.  Бо за апошнія два тыдні  гэтае  не першае ўзрушэнне. Два землетрасенні  ў Іране, апошняе  -  у маланаселеным раёне. Штуршок магнітудай 7,5 выклікаў ахвяры і разбурэнні ў Пакістане.   Падземныя штуршкі магнітудай да 4 адчуваліся па ўсёй паўднёва-заходняй Азіі: ад краін Аравійскага паўвострава да Індыі. У шматлікіх небаскробах у Дубаі і Бахрэйне была аб'яўлена эвакуацыя. Справіцца з выклікам здольна толькі неабыякавасць. Інтэрнэт абляцела кранальная гісторыя, як кітайская журналістка збегла з уласнага вяселля, каб весці рэпартажы аб пошукава-выратавальных  мерапрыемствах.   Напалохаліся і  гіганцкія панды, якія жывуць у Даліне зялёнага піка - найбуйнейшым гадавальніку панд у правінцыі Сычуань.  Большасць жывёлін залезла на дрэвы. Тыя, каго ўдалося зняць,  здымаюць стрэс вялікімі порцыямі бамбука. Быць сімвалам краіны - справа ганаровая і адказная.