Жыхары многіх кантынентаў знемагаюць ад спякоты

20 июля 2013

На паўночным усходзе ЗША адразу ў некалькіх штатах тэмпература паднялася на адзнаку вышэй за 35 градусаў. Сітуацыю пагаршае зацішнае надвор'е і высокая вільготнасць. Жыхары Вашынгтона, Канектыкута, Чыкага, Балтымара і Філадэльфіі ратуюцца пад струменямі гарадскіх фантанаў. У Нью-Ёрку адкрылі некалькі соцень спецыяльных цэнтраў, дзе людзі могуць перавесці дух у прахалодзе.


Не лепшая сітуацыя і ў Японіі. Увесь ліпень слупкі тэрмометраў ў краіне знаходзіліся каля 40-градуснай адзнакі. Дзясяткі чалавек загінулі. Больш як 13 тысяч шпіталізаваныя.


Стары Свет таксама з нецярплівасцю чакае выратавальнай прахалоды. У Іспаніі, Францыі і Вялікабрытаніі з-за спёкі павышаны ўзровень небяспекі. Ратавальнікі папярэджваюць аб павышанай верагоднасці ўзнікнення лясных пажараў. На туманным Альбіёне надвор'е кожны дзень ставіць антырэкорды. Колькасць людзей, якія загінулі з-за спякоты, набліжаецца тут да васьмі соцень.