Жэнева-2 нарэшце перамяшчаецца ў Жэневу

24 января 2014

Сёння ў Швейцарыі пачынаецца дыялог паміж канфліктуючымі сірыйскімі бакамі. Гэтая частка перамоў павінна была быць прамой, гэта значыць, без пасярэднікаў. Але дэлегацыі будуць усё ж знаходзіцца ў розных пакоях. Аднак ужо тэхнічныя дэталі перамоў сведчаць: канструктыўнай гутаркі не будзе. Сірыйская апазіцыя заявіла, што з дэлегацыяй урада Башара Асада яны нават за адзін стол не сядуць. Інтарэсы будзе прадстаўляць спецпасланнік Генсака ААН Лахдар Брахімі.


Зараз бакі займаюць розныя пазіцыі ў дачыненні да будучыні Сірыі. Апазіцыя ўпарта патрабуе адстаўкі Асада. Сам жа лідар арабскай рэспублікі і яго ўрад адназначна даюць зразумець, што паўнамоцтвы не складуць. Так што поспехам будзе, паводле ацэнак дыпламатаў, калі сірыйскія праціўнікі дамовяцца пра лакальныя часовыя перамір'і, стварэнне гуманітарных калідораў для ўцекачоў і дастаўку ў краіну дапамогі.