"Жоўтыя камізэлькі" супраць паліцыі. У Парыжы пачаліся сутычкі дэманстрантаў з вартавымі парадку

15 декабря 2018

Сёння ў Францыі чарговая чорная субота. Найбольш маштабныя маніфестацыі па традыцыі ў сталіцы. На Елісейскіх палях сабраліся ўжо больш за тысячу чалавек. Група дэманстрантаў спрабавала прарвацца да Трыумфальнай аркі, праход да якой перакрыты паліцыяй. У праваахоўнікаў ляцяць камяні і бутэлькі.

Для разгону прымяняецца слёзатачывы газ. Затрымана ўжо больш за 80 чалавек, некаторыя з іх падчас надгляду на вакзале Сен-Лазар. Менавіта туды прыбываюць удзельнікі мітынгу з прыгарадаў Парыжа і іншых гарадоў. Усяго з пачатку пратэстаў "жоўтых камізэлек", якія, дарэчы, доўжацца ўжо пяты тыдзень, паліцыя затрымала больш за 4 з паловай тысячы чалавек.