За чатыры месяцы ва Украіне знеслі больш за паўсотню помнікаў

9 марта 2014
Зрэшты, як апынулася, ва Украіне многія вінавацяць у такой сітуацыі зусім не хаос апошніх месяцаў і сумніўную эканамічную палітыку. За пераддэфолтны стан па ўсёй краіне вось ужо некалькі тыдняў адказваюць помнікі. Самае простае і самае дурное, што можна зрабіць у такой сітуацыі.

Ахвярамі гарачых галоваў стала паўсотні помнікаў па ўсёй краіне. Ад Леніна да Кутузава.


Расказвае Юрый Казлоў: 8 снежня мінулага года ў Кіеве з другой спробы быў разбураны помнік Леніну. Дэманстранты - члены руху Свабода - павалілі помнік пры дапамозе троса, а затым разбілі яго кувалдамі. На абломках пакідалі памятныя надпісы. Асабліва знаходлівыя грамадзяне нават выстаўлялі гранітныя рэшткі правадыра сусветнага пралетарыяту на продаж. За далонь прасілі тысячу грыўняў - гэта каля ста долараў, частку рукі прапаноўвалі за 750. Дэталі ног і тулава ішлі на вагу - па 50 грыўняў за кілаграм. Гэты дзень паклаў пачатак з'яве, якая пазней атрымала назву ленінаспад. У краіне пачалося сапраўднае паляванне на каменных Ільічоў: Адэская вобласць, Крывы Рог, Сумы, Чаркасы.


Усяго за чатыры месяцы ва Украіне знеслі больш за паўсотню помнікаў - у асноўным у цэнтральнай частцы дзяржавы, а таксама ў шэрагу ўсходніх абласцей. Паўднёвы ўсход краіны і Крым ленінаспад абышоў бокам. Не падалі Леніны і на захадзе Украіны, праўда, зусім не ад лаяльнасці жыхароў Львова або Цярнопаля да лідара сусветнай рэвалюцыі. Справа ў тым, што ў заходніх абласцях краіны пастаменты з Ільічамі прыбралі яшчэ ў пачатку 90-х. Таму жыхары гэтых рэгіёнаў абмежаваліся зносам помнікаў Кутузаву і воіну-вызваліцелю.


Зараз афіцыйны Кіеў узяў курс на еўраінтэграцыю. А ў ліберальнай Еўропе разбіваць помнікі, каму б яны ні былі ўсталяваныя, не прынята. У тых жа краінах Балтыі, якія савецкі перыяд сваёй гісторыі не вельмі паважаюць, помнікі камуністычнай эпохі сабраныя ў спецыяльных парках і зарабляюць у бюджэт дзяржаў грошы, прыцягваючы турыстаў. Ідэя музея сацыялістычнага мастацтва пад адкрытым небам рэалізаваная і ў Балгарыі. Гранітныя Леніны ёсць амаль у кожнай другой еўрапейскай краіне. Як і помнікі Напалеону Банапарту, Вільгельму Заваёўніку і яшчэ сотням каралёў, палітыкаў, рэвалюцыянераў, паэтаў. І стаяць яны незалежна ад таго, якіх поглядаў прытрымліваецца кіраўніцтва краіны.


Бельгія - пастамент з французскім імператарам Напалеонам Банапартам. Мілан - знакаміты карсіканец у выглядзе бога вайны. Парыж - помнік беларуска-польска-літоўскаму паэту Адаму Міцкевічу. Зноў французская сталіца - скульптурная кампазіцыя, прысвечаная Карлу Вялікаму, у Парыжы ён быў усяго два разы, ды і то праездам. Вена - бюст камандантэ Чэ. Чэхія - бронзавы Фрэдэрык Шапен, паляк паводле нацыянальнасці.


У многіх краінах свету ўсталяваныя і помнікі ў гонар знакамітых украінцаў. Гэта - пастамент з Уладзімірам Краснае Сонейка ў Лондане. А помнікі Тарасу Шаўчэнку ёсць у Венгрыі, Канадзе і нават у Туркменістане. Гранітныя кабзары стаяць і ў Расіі і яшчэ ні разу не станавіліся аб'ектамі нападзенняў. Наадварот. У пятніцу ў Маскве помнік вялікаму ўкраінскаму пісьменніку і паэту адкрылі пасля рэстаўрацыі.