Юбілейны - 70-ы - Міжнародны кінафестываль у Канах аб’явілі адкрытым

18 мая 2017

Юбілейны - 70-ы - Міжнародны кінафестываль у Канах аб’явілі адкрытым

Усё адбывалася ўрачыста, прыгожа і, вядома, дорага. У наступную нядзелю, 28 мая, яны назавуць уладальніка Залатой пальмавай галіны.

Расказвае Аляксандра Пінчук.

Першым паказаным на Канскім фестывалі фільмам стала пазаконкурсная карціна "Прывіды Ісмаэля" французскага кінарэжысёра Арно Дэплешэна. Любоўны трохвугольнік, у якім сыгралі Марыён Катыяр (уладальніца "Оскара" 2008), Шарлота Гінсбур і Мацье Амальрык.

Арно Дэплешэн, рэжысёр, Францыя: "Я з вялізным хваляваннем даведаўся, што наш фільм выбралі для адкрыцця. Гэта вялікі гонар. Спадзяюся, вам спадабаецца кіно. Мне б хацелася, каб яно дапамагло камусьці навучыцца па-сапраўднаму кахаць. Не ведаю, як адрэагуе прэса, газет я не чытаю, але мой прадзюсар, у яго вечна стос папер пад рукой, сказаў, што ўсё ў парадку".

Дэплешэн пяць разоў падаваў свае фільмы ў асноўным конкурсе ў Канах, аднак запаветную Пальмавую галіну яму атрымаць пакуль не ўдавалася. Магчыма, гісторыя пра тое, як праз дваццаць гадоў каханая кінарэжысёра Ісмаэля Карлота вярнулася да яго, зменіць расстаноўку сіл.

Сапраўдная рэкардсменка гэтага года Ніколь Кідман - яна занятая ў трох конкурсных фільмах. Колін Фарэл сыграе ў двух. У асноўным конкурсе і Джуліяна Мур, і Дасцін Хофман, і Мішэль Уільямс. Такой колькасці галівудскіх зорак у Канах не было ўжо даўно. І справа тут не толькі ў тым, што цяперашні фестываль юбілейны. Не выключана, што Галівуд можа з наступнага года французскі кінаагляд наогул праігнараваць. З 2018 года ў конкурсе могуць удзельнічаць толькі тыя кінафільмы, у якіх ёсць папярэднія дамоўленасці аб пракаце ў французскіх кінатэатрах.