У ЗША 86-я цырымонія ўручэння Оскараў не абышлася без сюрпрызаў. Галоўныя ўзнагароды кінасвету сёлета ўручылі пазней за звычайнае. Цырымонію перанеслі, каб уручэнне статуэтак не перасеклася з сочынскай Алімпіядай. Раздача статуэтак амерыканскай кінаакадэміі сёлета стала яркім 4-гадзінным шоу з удзелам сусветных зорак. Вядучая Элен Дэджэнерыс чатырохразова пераапраналася, заказвала піцу з дастаўкай, раздавала яе ў зале, а потым збірала грошы на чаявыя кур'еру і фатаграфавалася са знакамітасцямі для Твітара.
Юлія Табалевіч - пра нясумны вечар з Оскарам. Лепшыя акцёры, фільмы і серыялы. Адзін за адным на сцэну паднімаюцца пераможцы гэтага года. Галоўны прыз за лепшы фільм атрымала гістарычная драма 12 гадоў рабства рэжысёра Стыва МакКуіна.
Стыў МакКуін, рэжысёр: Кожны заслугоўвае не проста выжываць, а жыць. Я прысвячаю гэтую ўзнагароду ўсім тым, хто перажыў рабства. Дзякуй.
Стужка атрымала яшчэ дзве статуэткі - за адаптаваны сцэнарый і лепшую жаночую ролю другога плану. Люпіта Ніёнга выйшла на сцэну і ледзь не расплакалася ад шчасця. Яна нарадзілася ў Кеніі, гэтая ўзнагарода важная не толькі для яе, але і для ўсёй Афрыкі. Яе прывіталі стоячы.
Але больш за ўсё ўзнагарод сёлета ў стужкі Гравітацыя. У яе скарбонцы - сем Оскараў, у прыватнасці, за рэжысёрскую, аператарскую работу і візуальныя эфекты. Апладысменты лепшаму рэжысёру мінулага года - Альфонса Куарону.
Лепшым драматычным акцёрам стаў Мэцью МакКонахі. Роля ў стужцы Даласкі клуб пакупнікоў крытыкі лічаць самай выдатнай у яго кар'еры. Для ўвасаблення вобразу свайго героя, хворага на СНІД, акцёр вельмі моцна схуднеў. І, варта адзначыць, выглядаў выдатна.
Галоўным канкурэнтам МакКонахі быў Леанарда Дзі Капрыа, але члены журы вырашылі, што галоўны герой стужкі Воўк з Уол-стрыт недастаткова добры. Даласкі клуб пакупнікоў атрымаў таксама Оскар за ролю другога плану. Яна дасталася Джарэду Лета.
Яшчэ адна інтрыга гэтага года была звязаная з намінацыяй Лепшая жаночая роля: ці атрымае ўзнагароду Мерыл Стрып? Чатыры кілаграмы славы вядомай актрысе не дасталіся, але яна пабіла ўласны рэкорд самай тытулаванай актрысы Галівуда: яе намінавалі 18 разоў.
Лепшай актрысай стала Кейт Бланшэт. Яна сыграла ў Блакітным язміне Вудзі Алена - гэта гісторыя прадстаўніцы вышэйшага свету з Манхетэна. Увогуле, прадказальна, як амаль усе намінацыі. Акрамя фільма Афёра па-амерыканску. У яе было 10 намінацый, а ў выніку ў скарбонцы - ні адной статуэткі. Лепшая карціна на замежнай мове - італьянскі фільм Вялікая прыгажосць рэжысёра Паола Сарэнціна. Лепшы мультфільм - Халоднае сэрца студыі Уолта Дыснея.
Наогул, Оскар сёлета быў верны сабе. Прадказальнасць, сюрпрызы, эпатажныя выхадкі і банальныя прамовы. На рэдкасць прыстойна гэтым разам выглядала Лэдзі Гага. Вызначыліся пара Джалі - Піт і кенійская актрыса Люпіта Ніёнга. Оскар па традыцыі не заўважае знакамітых і ўзнагароджвае невядомых: а як інакш заставацца самай прэстыжнай кінацырымоніяй ужо дзявяты дзясятак гадоў?














