Вышэйшы ўзровень надзвычайнай сітуацыі аб'яўлены ў 25 правінцыях Кітая

25 января 2020
Прычына - каранавірус. Паводле апошніх звестак, лік захварэўшых перавысіў 1370 чалавек, загінулі больш як 40. Як нам паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Кітаі, сярод заражаных нашых грамадзян няма. Акрамя таго, дыпмісія гатовая аказаць садзейнічанне ўсім беларусам, што прынялі рашэнне пакінуць тэрыторыю правінцыі Хубэй, у 15-ці гарадах якой, у тым ліку ва Ухане, з-за ўспышкі захворвання аб'яўлены каранцін. Ва ўсім рэгіёне зараз часова не ходзіць транспарт, не працуюць вакзалы і аэрапорты.

Распаўсюджванне смяротна небяспечнага каранавіруса паскараецца

Распаўсюджванне смяротна небяспечнага каранавіруса паскараецца - аб гэтым літаральна некалькі гадзін таму заявіў кіраўнік КНР Сі Цзіньпін на спецыяльнай нарадзе палітбюро Кампартыі. Улады Кітая робяць усё магчымае для прадухілення распаўсюджвання захворвання. У горадзе Ухань, дзе ўпершыню адбылася ўспышка новага тыпу пнеўманіі, ужо да пачатку лютага плануюць завяршыць будаўніцтва другога шпіталя для лячэння заражаных. Бальніца разлічаная на 1300 месцаў. Тым часам у Пекіне з заўтрашняга дня прыпыняюць міжгародныя аўтобусныя зносіны. А турагенцтвы Паднябеснай спыняюць арганізацыю групавых паездак.

У Еўропе пацвердзілі першыя выпадкі заражэння каранавірусам


3 выпадкі заражэння новым тыпам пнеўманіі пацвердзілі ў Францыі. Захварэўшыя знаходзяцца ў бальніцах Парыжа і Бардо. Вядома, што ўсе яны нядаўна вярнуліся з Кітая. Каранавірус таксама афіцыйна выяўлены ў Аўстраліі, В'етнаме, Малайзіі, Непале, Рэспубліцы Карэя, Сінгапуры, ЗША, Тайландзе і Японіі. Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя заяўляюць, што сітуацыя можа ператварыцца ў экстранную. Аб тым, якое становішча зараз у самім Кітаі, раскажа наш уласны карэспандэнт Ян Пашкевіч (відэа).