Выбары ў РФ. Кіраўнік ЦВК Расіі заявіла аб рэкордна высокай яўцы

18 марта 2018

Менш як паўгадзіны таму ў Расіі завяршылі працу выбарчыя ўчасткі ў Калінінградскай вобласці. Увогуле краіна галасавала амаль суткі - участкі на Далёкім Усходзе адчынілі дзверы яшчэ ў 11 вечара суботы. Кіраўнік ЦВК Расіі заявіла аб рэкордна высокай яўцы. Волевыяўленне праходзіла нават у космасе, прычым, як і трэба, у прысутнасці міжнародных назіральнікаў.

Нагадаю, усяго ў прэзідэнцкай гонцы ўдзельнічаюць 8 кандыдатаў, уключаючы дзеючага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Яго рэйтынг, паводле звестак УЦДГМ, вагаецца ў раёне 69-73% - і гэта ў прынцыпе выключае якую-небудзь інтрыгу. Зараз у Маскве працуе наш карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская. Яна раскажа, за якую будучыню галасавалі расіяне.

ЦВК Расіі сёння - гэта інфармацыйнае ядро выбараў-2018. Менавіта сюды цэлы дзень сцякаецца самая аператыўная інфармацыя з усіх выбарчых участкаў. У Расіі адчынена каля 97 тысяч. Прычым, каб выбары праходзілі празрыста і адкрыта, на ўсіх участках усталяваныя відэакамеры, і прамая трансляцыя ідзе прама сюды, у Цэнтральную выбарчую камісію.

На кожным участку для галасавання прысутнічаюць назіральнікі - як грамадскія, так і міжнародныя. Ад парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі прыехалі каля 30 чалавек. Частка раз'ехалася па рэгіёнах Расіі, частка працуе ў сталіцы.

Каб падняць матывацыю і прыцягнуць на выбары як мага больш чалавек, у Расіі запусцілі акцыю "Фота на выбарах". Для гэтага выбаршчык ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў павінен прагаласаваць, зрабіць сэлфі на выбарчым участку і выставіць яго ў сацыяльныя сеткі. Пераможцам абяцаюць неабыякія прызы: айфоны, планшэты, гадзіннікі і відэакамеры.

Не засталіся без падарункаў і дэбютанты. Тыя, хто ўпершыню аддаваў свой голас на выбарах, атрымліваў білет на канцэрт лепшых галасоў краіны.

Але сёння Цімаці таксама на ўчастку для галасавання. Бо ён поп-зорка з моцнай грамадзянскай пазіцыяй.

Галасавалі сёння і самі кандыдаты ў прэзідэнты. Адзін з першых - дзеючы кіраўнік дзяржавы Уладзімір Пуцін.

На Паўла Грудзініна падзейнічала вясна. Без абдымкаў і пацалункаў не пакінуў ніводную супрацоўніцу выбарчай камісіі.

Уладзімір Жырыноўскі, а лідару ЛДПР ужо 71 год, і гэта яго сёмы паход у прэзідэнты, спадзяецца, што гэты раз будзе ўдалым!

А эпатажная Ксенія Сабчак сёння была на рэдкасць спакойнай і маўклівай.

Гэтая перадвыбарная кампанія запомніцца нам як самая скандальная. Было ўсё: жорсткая агітацыя, слёзы, бойкі, абліванне вадой, хамства ў прамым эфіры і нечаканыя рахункі ў швейцарскіх банках. І як самая дарагая. Складзены нават рэйтынг кандыдатаў, якія больш за ўсё выдаткавалі на перадвыбарную кампанію. Лідзіруе кандыдат ад ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі - амаль 210 млн. рублёў. На другім месцы дзеючы Прэзідэнт Уладзімір Пуцін - ледзь больш як 196 млн. рублёў. І замыкае тройку лідараў кандыдат ад КПРФ Павел Грудзінін - амаль 150 млн. рублёў.

Сёння расіяне галасавалі не толькі па ўсім свеце, выбарчыя ўчасткі працавалі ў 145 краінах, але і ў космасе. Яўка на МКС склала 100%. Адзіны расійскі касманаўт на борце Міжнароднай касмічнай станцыі Антон Шкаплераў прагаласаваў з арбіты праз давераную асобу.

Адзначаюць сёння і высокую яўку выбаршчыкаў. Паводле слоў экспертаў, яна перавысіць 70%. Зараз трэба дачакацца вынікаў галасавання. Падлік галасоў пачаўся ў 8 гадзін вечара, адразу пасля зачынення выбарчых участкаў.

Аб тым, як ідзе падлік галасоў, будзе паказана ў рэжыме анлайн на вось такой спецыяльнай відэасцяне, якая ўсталяваная ў ЦВК. Яна складаецца з 85 плазменных экранаў. Роўна ў 21:00 сюды стала паступаць першая інфармацыя. А папярэднія вынікі будуць вядомыя пасля 11 гадзін вечара. Да гэтага часу ўжо будзе апрацавана больш як 15% бюлетэняў.