Другі горад у Кітаі на каранціне з-за каранавіруса

23 января 2020
Кітайскія ўлады робяць усё, каб стрымаць распаўсюджванне каранавіруса, які ўжо забраў жыцці 17 чалавек. Заразіліся звыш 600 чалавек. Вірус трапіў на тэрыторыю  ЗША, Японіі, Сінгапура, Тайланда, Паўднёвай Карэі і В'етнама. Напярэдадні Пекін прыняў рашэнне закрыць на каранцін горад Ухань, дзе жывуць каля 11 мільёнаў чалавек. Сёння аналагічнае рашэнне было прынята наконт яшчэ аднаго горада   - Хуанган. Там пражывае 7 мільёнаў. Адменены цягнікі і самалёты, якія накіроўваліся ў горад. Не працуе гарадскі транспарт. Галоўны музейны комплекс Кітая - Забаронены горад у Пекіне  - будзе закрыты для наведвання з 25 студзеня.

Шэраг кітайскіх навукоўцаў сцвярджае,  што вірусам чалавек упершыню мог заразіцца ад змяі.

Гэн Шуан, афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР: "Кітай будзе падтрымліваць цесныя кантакты з іншымі краінамі, каб не дапусціць распаўсюджвання віруса. Мы верым, што камітэт па надзвычайнай сітуацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя зможа ў адпаведнасці з фактамі зрабіць навукова абгрунтаваныя, справядлівыя і рацыянальныя высновы ў дачыненні да  сітуацыі, што склалася".

Дадатковыя меры кантролю


Міжнародныя аэрапорты розных краін  гэтымі днямі ўводзяць дадатковыя меры кантролю. Сёння пра ўвядзенне праверкі пасажыраў, якія прыбываюць з Кітая, аб’явіла кіраўніцтва Міжнароднага аэрапорта Дубая. Гэтая паветраная гавань - адна з самых загружаных у свеце. Спецыялісты будуць у першую чаргу мераць тэмпературу ў пасажыраў.