Усеагульная забастоўка ў Парыжы абяцае стаць самай маштабнай за апошнія дзесяцігоддзі

5 декабря 2019
Усеагульная забастоўка стартавала сёння ў Францыі. Грамадзяне Пятай рэспублікі незадаволены  пенсіённай рэформай, якую рыхтуе ўрад. У дэманстрацыях удзельнічаюць  энергетыкі, урачы, настаўнікі, супрацоўнікі судоў і нават частка паліцэйскіх. 

У краіне няпланавы выхадны - на працу не выйшлі прадстаўнікі амаль усіх сфер. А турысты хапаюцца за галовы: у Парыжы закрыты асноўныя славутасці, рэстараны і банкі. 

Як сёння жыве Францыя?  Сюжэт Ксеніі Пякарскай.

"Чорны чацвер" - менавіта так у народзе ўжо назвалі гэты дзень у Францыі. Бестэрміновая ўсеагульная забастоўка ахапіла ўсе сферы жыцця французаў і абяцае стаць самай маштабнай за апошнія дзесяцігоддзі. Пасольства Беларусі ў Парыжы рэкамендуе часова ўстрымацца ад паездак у Пятую рэспубліку. Рабіць тут увогуле і няма чаго. У краіне сёння зачынена літаральна ўсё - ад адміністрацыйных устаноў і школ да рэстаранаў і аптэк. Не працуюць Луўр і Эйфелева вежа. Францыю паралізавала  ў прамым сэнсе гэтага слова.

Ключавы момант пенсіённай рэформы, які і выклікаў асноўнае абурэнне, заключаецца ў тым, што паўнацэнныя выплаты грамадзяне краіны будуць атрымліваць не адразу, а толькі пасля таго, як адпрацуюць яшчэ 2 гады пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Да таго ж адменяць 42 асаблівыя пенсіённыя рэжымы, дзякуючы якім рабочыя маглі выходзіць на пенсію раней, але атрымліваць пры гэтым больш. 

Асноўная маса забастоўшчыкаў - транспартнікі, таму ў краіне з самай раніцы аўтамабільны калапс. У сталічным рэгіёне Іль-дэ-Франс заторы  расцягнуліся на 550 кіламетраў! У Парыжы закрыты 11 ліній метро, практычна не ходзяць прыгарадныя электрычкі, з перабоямі працуюць аэрапорты і чыгуначныя вакзалы. Спыніўся грамадскі транспарт і таксі. Да пратэсту далучыліся нават вадзіцелі карэт хуткай дапамогі. 

Замест працы французы накіраваліся на маніфестацыі. Па ўсёй краіне іх заяўлена каля 245. У Парыжы  работнікі транспарту, супрацоўнікі медыцынскіх устаноў, настаўнікі, студэнты і іншыя ўдзельнікі дэманстрацыі маршам пройдуць ад Усходняга вакзала да Плошчы Нацыі. Навучаныя вопытам супрацьстаяння з "жоўтымі камізэлькамі" ўлады асцерагаюцца магчымых беспарадкаў. Таму ў краіне вельмі  ўзмоцнены меры бяспекі - за парадкам сочаць 6 тысяч паліцэйскіх.

Паводле розных ацэнак, стачку падтрымліваюць  звыш 60 % французаў. Як доўга яна прадоўжыцца - невядома. Прафсаюзы падкрэсліваюць: забастоўка бестэрміновая. А значыць, гатовы працягваць яе да таго часу, пакуль урад афіцыйна не адмовіцца ад сваіх планаў.