Усеагульная забастоўка паралізавала Францыю

5 декабря 2019
У Францыі шматкіламетровыя заторы праз усеагульную забастоўку. У сталічным рэгіёне Іль-дэ-Франс аўтамабільныя заторы расцягнуліся на 550 кіламетраў! І гэта нядзіўна: грамадскі транспарт у краіне сёння паралізаваны. У Парыжы закрытыя 11 ліній метро, амаль не ходзяць прыгарадныя электрычкі, з перабоямі працуюць аэрапорты і чыгуначныя вакзалы. Спыніўся наземны гарадскі транспарт. Чакаецца, што да пратэснай акцыі далучацца таксісты і вадзіцелі хуткай дапамогі. У агульнай складанасці - да мільёна чалавек.

Бестэрміновая забастоўка ўжо абяцае стаць адной з самых маштабных у гісторыі. Яна накіраваная супраць пенсіённай рэформы ў краіне. Па ўсёй Францыі заяўлена 245 маніфестацый. Узмоцненыя меры бяспекі праз магчымыя беспарадкі. Пасольства Беларусі ў Парыжы рэкамендуе грамадзянам часова ўстрымацца ад паездак у Францыю.