Наперадзе ў Еўрапейскага саюза напружаны перыяд

2 февраля 2015

Далейшае зацягванне паясоў або выхад з Еўрасаюза? Усё часцей такая дылема паўстае перад жыхарамі аб'яднанай Еўропы. Брусельская палітыка з яе негатыўнымі сацыяльна-эканамічнымі наступствамі сустрэла сур'ёзнага апанента. Апазіцыйная леварадыкальная партыя "Сірыза", якая перамагла на нядаўніх выбарах у Грэцыі, мае намер адмовіцца ад місіі "тройкі" міжнародных крэдытораў, якая кантралюе выдзяленне Афінам фінансавай дапамогі, роўна як і ад чарговага траншу. Калі дадаць да гэтага рост папулярнасці левай партыі "Падэмас" у Іспаніі і незвычайна высокую яўку на леташнім рэферэндуме аб незалежнасці Шатландыі, то наперадзе ў Еўрапейскага саюза напружаны перыяд.

Расказвае Лізавета Казакова.

Дзеючая праграма крэдытнай дапамогі Грэцыі заканчваецца 28 лютага. Ад апошняга траншу ў памеры 7 з лішнім мільярдаў еўра Афіны адмаўляюцца як і ад далейшага кантролю над імі еўратройкі - еўрагрупы, Еўрапейскага цэнтрабанка і МВФ. Новы грэчаскі ўрад мае намер дабівацца новага пагаднення з крэдыторамі. Але Цэнтрабанк даў выразна зразумець, што выключае магчымасць спісання або рэструктурызацыі доўгу Грэцыі, гэта пацвердзіла і канцлер ФРГ Ангела Меркель.

Яніс Варуфакіс, міністр фінансаў Грэцыі: "Перамовы з прадстаўнікамі ЕС будуць няпростымі. Ніколі яшчэ такія сустрэчы не праходзілі спакойна. Ды і як можа быць інакш у той час, як Еўрапейскі саюз зараз спрабуе намацаць глебу пад нагамі пасля сусветнага фінансавага крызісу 2008-га года, крызісу, супрацьстаяць якому еўразона насамрэч не была гатовая".

Напярэдадні падчас перамоў з кіраўніком еўрагрупы Ерунам Дэйселблумам міністр фінансаў Грэцыі назваў еўрапейскіх крэдытораў "незразумелым трохбаковым камітэтам" і абвінаваціў іх у антыеўрапейскай палітыцы. Скончылася сваркай.

Пакуль міністр фінансаў Грэцыі аб'язджае еўрапейскія сталіцы, новы ўрад абяцае згортваць меры жорсткай эканоміі, якія і былі ўмовай выдзялення дапамогі Афінам.

Вось некаторыя пункты праграмы "Адкрытая Еўропа" ад Алексіса Цыпраса: павышэнне зарплат, уключаючы рост мінімальных; прыняцце гуманітарнай праграмы на 2 мільярды еўра, павелічэнне падаткаабкладання буйной уласнасці; аднаўленне правоў рабочых да дакрызіснага ўзроўню. Усё гэта абыдзецца казне ў больш як 11 мільярдаў еўра. "Сірыза" сцвярджае, што выдаткі акупяцца. Але для запуску сцэнарыя спатрэбіцца шмат новых крэдытаў. Па сутнасці - тое ж фінансаванне Афінаў за кошт астатніх краін Еўрапейскага саюза.

Жан-Клод Юнкер, старшыня Еўрапейскай камісіі: "Знешні доўг Грэцыі не будзе скарочаны. Мы не будзем нават абмяркоўваць гэта пытанне, бо іншыя краіны еўразоны на гэта ніколі не пойдуць. Еўрапейскія краіны заўсёды адкрытыя для дыялогу, але дапусціць хаос і беспарадак мы не маем ніякага права".

Скасаваць "тройку" міжнародных крэдытораў еўракамісія ўсё ж паабяцала, але плаціць па даўгах левыя абавязаны, прычым на гарантаваных умовах жорсткай эканоміі. Інакш Афіны прыстрашаць выхадам з Еўрасаюза? Шантаж - прыклад заразлівы.

Невыпадкова ў Іспаніі ў апытаннях лідзіруе падобная на "Сірыза" левая партыя "Падэмас". Яе выбарчая кампанія пачалася са шматтысячнага "марша перамен". І задачы ў іспанскіх левых тыя ж: перагляд адносін з еўрапейскімі крэдыторамі, рэструктурызацыя доўгу і адмова ад жорсткіх мер эканоміі.

Джордж Осбарн, канцлер казначэйства Вялікабрытаніі: "Крызіс паміж Грэцыяй і еўразонай становіцца самай вялікай рызыкай для сусветнай эканомікі. І гэта нарастаючая пагроза нашай эканоміцы. І Еўропе, і Вялікабрытаніі неабходна аддаць перавагу кампетэнтнасці перад хаосам. А еўразона павінна прапанаваць лепшы план па стварэнні рабочых месцаў".

Адной з асноўных праблем застаецца высокі ўзровень беспрацоўя, асабліва сярод моладзі, у Грэцыі і Іспаніі, а таксама ў Італіі і Францыі.

Колькасць праціўнікаў праграмы жорсткай эканоміі расце паўсюдна. І калі адной краіне ўдаецца націснуць на "тройку" і паставіць крыж на мерах жорсткай эканоміі, важкі аргумент з'явіцца і ў астатніх.