Валгаград апамятваецца пасля двух тэрактаў

30 декабря 2013

Тым часам святочны настрой у Расіі азмрочылі сумныя навіны. Трагедыя ў Валгаградзе. Другі за суткі тэракт і трэці за два месяцы. Сёння раніцай у горадзе ў час пік узляцеў на паветра тралейбус. Спачатку эксперты меркавалі, што бомба была закладзена ў транспартным сродку загадзя. Але пасля абследавання месца здарэння з'явілася версія аб смяротніку. Нагадаем, напярэдадні выбух прагрымеў у будынку мясцовага чыгуначнага вакзала. Ахвярамі двух актаў насілля сталі 32 чалавекі. Напярэдадні свят у рэгіёнах Расіі ўводзяцца павышаныя меры бяспекі. У вобласці аб'яўлена пяцідзённая жалоба.



Расказвае Юрый Казлоў: Магутнасць бомбы, якая ўзарвалася гэтай раніцай у валгаградскім тралейбусе, склала каля 4 кілаграмаў у тратылавым эквіваленце. Перапоўнены транспартны сродак літаральна разарвала на часткі. У спісе загінуўшых паўтара дзясятка чалавек. Яшчэ каля 30 атрымалі раненні.


Уладзімір Маркін, прэс-сакратар Следчага камітэта Расіі: Можна папярэдне сказаць, што выбуховае прыстасаванне прывёў у дзеянне тэрарыст-смяротнік, мужчына, фрагменты цела якога адпраўлены на генетычную экспертызу, каб усталяваць яго асобу.


Дзмітрый Паўлаў, прадстаўнік Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта Расіі: Узбуджана крымінальная справа па артыкуле Тэрарыстычны акт. Кіраўнік аператыўнага штаба НАК накіраваў да месца здарэння сілы і сродкі падраздзяленняў ФСБ, МУС і МНС Расіі. Месца выбуху блакіравана.


Сярод пацярпелых - цяжарная жанчына і трое дзяцей. Урачы працягваюць змагацца за жыцці параненых, але асцерагаюцца, што ахвяраў тэракта можа стаць больш.


З самой раніцы ў бальніцы, куды даставілі пацярпелых, выстраілася вялікая чарга - каля 600 чалавек - з тых, хто хоча здаць кроў. Паток людзей не заканчваецца.


Перад тварам небяспекі валгаградцы выявілі небывалую згуртаванасць. Адразу пасля выбуху відавочцы выцягвалі параненых з тралейбуса і, не чакаючы машын хуткай дапамогі, адвозілі іх у бальніцы.


Жыхары горада яшчэ не паспелі апамятацца пасля ўчарашняй трагедыі. Напярэдадні магутны выбух - каля 10 кілаграмаў у тратылавым эквіваленце - прагрымеў у будынку валгаградскага вакзала. Тэракт забраў 17 жыццяў. Дзясяткі людзей атрымалі раненні. Паводле звестак следства, бомбу прывёў у дзеянне былы фельчар, жыхар Рэспублікі Марый Эл Павел Пячонкін. Вясной 2012 ён далучыўся да баевікоў і ўзяў новае імя Ансар Ар-Русі. Паводле папярэдняй інфармацыі, узрыўчатку ў будынак вакзала ён пранёс у рукзаку. Рамкі металашукальніка зрэагавалі на бомбу. І калі паліцэйскі адвёў тэрарыста ў бок для надгляду, той узарваў сябе.


Зараз сілавікі спрабуюць знайсці заказчыкаў тэрактаў. Следчыя не сумняваюцца, што абодва выбухі звязаны і арганізаваны аднымі людзьмі, як мяркуецца, членамі радыкальнага ісламісцкага бандфарміравання.


Цынічныя акты насілля асудзіла і сусветная супольнасць, і мусульманскія арганізацыі. Савет муфтыяў Расіі нагадаў вернікам, што іслам праклінае забойцаў нявінных людзей, а тэрарыстаў чакае страшная кара Усявышняга. У Валгаградзе і вобласці па ахвярах двух тэрактаў аб'яўлена пяцідзённая жалоба. Заўтра ў горадзе пройдуць першыя пахаванні загінуўшых.