У Беларусі заўсёды былі нармальныя адносіны і ўзаемадзеянне па лініі памежных ведамстваў з краінамі-суседкамі. Сёння Украіна пачала займаць недружалюбную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі. Такое меркаванне выказаў дзяржсакратар Савета бяспекі, каменціруючы інцыдэнт аб парушэнні паветранай прасторы ўкраінскім верталётам. Нагадаем, яго зафіксавалі ў раёне КПП "Новая Рудня" Мазырскага пагранатрада. Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што Украіна глядзіць на Захад і спрабуе пад выглядам барацьбы з незаконнай міграцыяй праводзіць нейкія вучэнні.
Сёння Аляксандр Вальфовіч прысутнічаў на адкрыцці абноўленай 17-й заставы побач з міждзяржаўным пунктам пропуску "Олтуш". На ўчастку Брэсцкай пагрангрупы гэта першая застава модульнага тыпу. Яе інфраструктура складаецца з асобных блокаў, якія пры неабходнасці можна перамяшчаць на іншыя лакацыі. Нягледзячы на сваю кампактнасць, застава ўкамплектаваная ўсім неабходным для абароны дзяржаўных меж.













