Вадзіцель, які наехаў на натоўп у Мельбурне, праходзіў лячэнне ад псіхічнага расстройства

21 декабря 2017

Паліцыя Аўстраліі назвала дзеянні вадзіцеля, які наехаў на натоўп пешаходаў у Мельбурне, наўмыснымі. Ужо вядома, што зламысніку 32 гады. Ён з'яўляецца аўстралійскім грамадзянінам афганскага паходжання. Мужчына праходзіў лячэнне ад псіхічнага расстройства і раней быў вядомы паліцыі ў сувязі з ужываннем наркотыкаў. Яго допыт працягваецца. Разам з шафёрам затрыманы яшчэ адзін мужчына, які сядзеў у аўто на месцы пасажыра. У яго сумцы было выяўлена некалькі нажоў. Пасажыр здымаў здарэнне на камеру.

Расел Барэт, начальнік паліцыі штата Вікторыя: "На дадзеным этапе расследавання мы разглядаем наезд як наўмысны акт. Нам яшчэ трэба будзе высветліць матывы вадзіцеля. Паліцыя і службы неадкладнай дапамогі працягваюць працу на месцы здарэння. Мы заклікаем усіх часова ўстрымацца ад наведвання раёна здарэння. Таксама калі ў вас ёсць якая-небудзь інфармацыя, звязаная з наездам, прашу неадкладна патэлефанаваць у паліцыю".

Нагадаем, белы пазадарожнік пратараніў натоўп людзей на пераходзе ў цэнтры горада. Вадзіцель праігнараваў чырвоны сігнал святлафора і на хуткасці ўрэзаўся ў пешаходаў. Паводле слоў відавочцаў, людзі літаральна разляцеліся ў бок ад магутнага ўдару. Пацярпелі 19 чалавек. Сярод іх дзіця дашкольнага ўзросту, яно знаходзіцца ў цяжкім стане. Расследаванне працягваецца.