Ва ўсіх каталіцкіх храмах Францыі зазвоняць званы па саборы Парыжскай Божай Маці

17 апреля 2019

Званы ўсіх каталіцкіх храмаў Францыі зазвоняць сёння ў знак салідарнасці з саборам Парыжскай Божай Маці. Гэта адбудзецца роўна ў тую гадзіну, калі ў адным з сімвалаў французскай сталіцы пачаўся пажар. У акцыі возьмуць удзел каля сотні сабораў. Пра гэта паведамляе Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Пятай Рэспублікі. Там назвалі пажар, што адбыўся ў панядзелак вечарам у Нотр-Даме, шакіруючым.

Напярэдадні званы па саборы Парыжскай Божай Маці званілі і ў Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане. А ўжо заўтра будуць гучаць па ўсім Злучаным Каралеўстве. Агульны аб'ём ахвяраванняў на аднаўленне Нотр-Дама-дэ-Пары, згодна з апошнімі падлікамі, перавышае 700 мільёнаў еўра.

Следчыя высветлілі, што ў дзень надзвычайнага здарэння пажарная сігналізацыя ў саборы спрацоўвала двойчы. Аднак у першым выпадку супрацоўнік, які адказвае за бяспеку, не выявіў крыніцу ўзгарання, калі ж сірэна ўключылася другі раз, было ўжо вельмі позна. Напярэдадні прэзідэнт Францыі Макрон сказаў, што храм павінен быць адноўлены за пяць гадоў.