Ва ўладзе непагадзі аказаліся жыхары Еўропы і ЗША

9 декабря 2013
Сыход цыклону Хавер не прынёс спакою - снежная бура ў Штатах выклікала транспартны калапс. На дарогах заторы, сотні авіярэйсаў скасаваныя. Ужо пабітыя тэмпературныя рэкорды пачатку снежня - у Мантане і Паўднёвай Дакоце пахаладала амаль да мінус 30 градусаў. А на паўночным захадзе Мінесоты тэмпература апусціліся да мінус 46.

Расказвае Юрый Казлоў.

Зіма прыйшла ў ЗША сапраўды па графіку, але снегу і завей, як водзіцца, не чакалі ні транспартнікі, ні камунальныя службы, ні мясцовыя жыхары. Паводле афіцыйнай інфармацыі, за мінулыя суткі зіма забрала пяць жыццяў. Як правіла, мацней за астатніх з-за халадоў пакутуюць бяздомныя. Але ад няшчасных выпадкаў не застрахаваны ніхто. У Тэхасе 75-гадовая жанчына, паслізнуўшыся на лёдзе ў двары ўласнага дома, страціла прытомнасць і змерзла. Яшчэ два чалавекі загінулі ў ДТЗ, не справіўшыся з кіраваннем на слізкай дарозе.

Майк Клефан, супрацоўнік паліцэйскага ўпраўлення штата Індыяна: Гэта першы снег у сезоне, таму многія вадзіцелі ўсё яшчэ ездзяць занадта хутка. Натуральна, пры такім надвор'і гэта часта прыводзіць да аварый.

Дарэчы, галалёд зараз называюць галоўнай бядой амерыканскага Поўдня. Слізкая дарога - рэдкасць для гэтай часткі краіны. Таму гуму вадзіцелі мяняюць неахвотна, альбо не мяняюць зусім. Зрэшты, як паказала гэта зіма, да суровых умоў надвор'я не падрыхтаваліся і паўночнікі. На трасах Пенсільваніі, Вісконсіна, Дэлавэра і Масачусеца - вялізныя заторы. Зафіксавана некалькі ДТЗ з удзелам прыкладна 50 аўтамабіляў.

Дзясяткі людзей шпіталізаваныя. Не лепш і сітуацыя ў небе. Сёння па ўсёй краіне скасавана больш за дзве тысячы авіярэйсаў. Надвор'е нялётнае далёка не першы дзень. Колькасць незадаволеных пасажыраў расце.

Родні Вуд, жыхар г. Далас: Мне трэба дабрацца да Лос-Анджэлеса, але мой рэйс адмянілі. Я тут з самай раніцы, а наступны вылет толькі ў 3:40 ночы.

Ронік Бакнер, жыхарка г. Далас: Гэта сапраўдная катастрофа. Відавочна, зараз не лепшы час для падарожжаў.

Зараз снежны шторм рыхтуюцца сустрэць жыхары Нью-Ёрка. Улады горада, здаецца, зрабілі неабходныя высновы - камунальныя і транспартныя службы прыведзеныя ў рэжым павышанай гатоўнасці.

Між тым, на другім баку Атлантыкі зіма таксама падносіць сюрпрызы. Скандынавія, якая ледзь адышла ад цыклона Хавер, ужо сёння можа ізноў аказацца ва ўладзе стыхіі - у Швецыі і Даніі чакаюць моцнага снегападу.

На выхадных замяло нават сонечную Турцыю. І гэта, нагадваюць сіноптыкі, толькі пачатак. Раней метэаролагі папярэджвалі - сёлетняя зіма можа аказацца самай суровай за апошнія сто гадоў. І факты пакуль пацвярджаюць прадказанні сіноптыкаў.
У Антарктыдзе ўжо зафіксаваны рэкорд самой нізкай тэмпературы на Зямлі.

Напярэдадні ў раёне японскай палярнай станцыі Купал Фудзі слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за адзнаку мінус 91 градус па Цэльсіі.