У Францыі аб'яўлена трохдзённая жалоба

15 июля 2016

Крывавая атака на французскую Ніцу. Паводле апошніх звестак, загінулі 84 чалавекі, сотні параненыя, многія ў крытычным стане. Трагедыя адбылася падчас святкавання галоўнага нацыянальнага свята - Дня ўзяцця Бастыліі. Грузавік на вялікай хуткасці заехаў у натоўп і пачаў бязлітасна ціснуць і расстрэльваць людзей.

На гэтых кадрах відаць, як малады мужчына на матацыкле самааддана спрабуе спыніць тэрарыста, але ён апынуўся пад коламі грузавіка і цудам пазбегнуў гібелі. Неўзабаве злачынец быў ліквідаваны. Сярод загінуўшых у тэракце не менш чым дзесяць дзяцей, шмат замежных турыстаў: брытанцы, швейцарцы, іспанцы, расіянка, украінец і армянін.

Як паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Францыі, пакуль зваротаў па дапамогу ад беларусаў не паступала. У спісах ахвяр нашых грамадзян не значыцца. Наша дыппрадстаўніцтва працягвае адсочваць сітуацыю, звязваецца з кампетэнтнымі органамі. У Францыі аб'яўлена трохдзённая жалоба.

Гэты вечар чакалі многія. Тысячы, а, можа, і дзясяткі тысяч людзей сабраліся на самай прыгожай набярэжнай Ніцы - Англійскай. Яна цягнецца ўздоўж Блакітнага берага Міжземнага мора на некалькі кіламетраў. Феерверк у гонар нацыянальнага свята - Дня ўзяцця Бастыліі - штогод прыцягвае вялізную колькасць турыстаў. Падрабязнасці таго, у што ператварылася ўчарашняе святкаванне, прыводзяць у жах. Перш чым забойцу за рулём вялізнай фуры ліквідавалі паліцэйскія, ён паспеў праехаць амаль два кіламетры па набярэжнай, пакідаючы за сабой дзясяткі загінуўшых і знявечаных. Відавочцы расказалі, што белы грузавік спецыяльна рабіў зігзагі - вадзіцель відавочна імкнуўся збіць як мага больш людзей. Затым злачынец адкрыў агонь па адпачывальніках.

Уцалелыя ў жаху кінуліся далей ад страшнага месца, многія беглі з дзецьмі на руках. Калі пачалася паніка, каля сотні чалавек скочылі прама ў мора - ім удалося выратавацца. Неўзабаве на набярэжнай засталіся толькі загінуўшыя і параненыя.

Вартавым парадку прыйшлося літаральна зрашэціць кабіну грузавіка, каб знішчыць таго, хто быў за рулём. Ім, як высветлілася, аказаўся 31-гадовы жыхар Ніцы, ураджэнец Туніса. У кузаве фургона паліцыя знайшла гатовую да бою зброю.

Размешчаны на набярэжнай гатэль ператвораны ў палявы шпіталь. Многія параненыя знаходзяцца ў крытычным стане. Раён здарэння і суседнія кварталы ачэпленыя паліцыяй, улады заклікалі гараджан і турыстаў ні ў якім разе не выходзіць на вуліцу. На поўдні Францыі аб'яўлены максімальны ўзровень тэрарыстычнай пагрозы.

Адказнасць за напад, згодна з непацверджанымі звесткамі СМІ, узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя "Ісламская дзяржава". Рэжым надзвычайнага здарэння ў краіне, які павінен быў скончыцца 26 ліпеня, падоўжаны на тры месяцы.