Увага СМІ прыкавана да чарговага скандалу паміж Масквой і Вашынгтонам

30 декабря 2016

У міжнародным парадку дня ўвага СМІ прыкавана да чарговага скандалу паміж Масквой  і Вашынгтонам. Абраўшы дальнабачную стратэгію, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адмовіўся адказваць на  новыя антырасійскія санкцыі ЗША і заявіў, што Расія не стане высылаць амерыканскіх дыпламатаў. Напярэдадні дзеючы прэзідэнт ЗША налажыў санкцыі на разведслужбы і шэраг прыватных асоб з Расіі і выдварае  35 расійскіх дыпламатаў. Рэзкія крокі адбыліся ўслед за дакладам ФБР, якія расследавалі атакі хакераў супраць Дэмакратычнай партыі. Паводле слоў Пуціна, новыя крокі Адміністрацыі ЗША з'яўляюцца правакацыйнымі і накіраванымі на далейшы падрыў расійска-амерыканскіх адносін. Пры гэтым  дадаў, што ў Расіі ёсць усе падставы для адэкватнага адказу. Дарэчы,  абраны прэзідэнт Дональд Трамп  заявіў, што Штатам  варта забыць аб прэтэнзіях наконт нібыта хакерскіх атак Расіі і рухацца далей.

Найбуйнейшая высылка расійскіх дыпламатаў з ЗША за апошнія 30 гадоў. Халодны душ пад Новы год. 

Эрык  Шульц, намеснік прэс-сакратара Белага дома: "Расія ўдзельнічала ў зламыснай кібердзейнасці з мэтай  умяшання ў нашы выбары. Будуць скасаваны  даверчыя граматы  супрацоўнікаў пасольства. Такім чынам, яны пазбавяцца дыпламатычнай недатыкальнасці, стануць персонамі нон грата і  павінны будуць  пакінуць краіну".

Але варта зазначыць, што меры прынятыя не ў прамой сувязі з хакерскімі атакамі. У заяве Белага дома гаворыцца, што амерыканскія дыпламаты ў Расіі  на працягу двух гадоў "праследуюцца з боку расійскай паліцыі і спецслужб". Згадваюцца "вымушанае закрыццё 28 амерыканскіх куткоў" для правядзення культурных мерапрыемстваў у Расіі, а таксама "блакіраванне спроб пачаць будаўніцтва новага, больш бяспечнага генконсульства ў Санкт-Пецярбургу". МЗС  Расіі, як і прадугледжваюць дыпламатычныя нормы,  адрэагаваў  гатоўнасцю да  люстраных  мер. 

Сяргей Лаўроў, Міністр замежных спраў Расіі: "МЗС Расіі разам з калегамі з іншых ведамстваў унёс прапанову на разгляд прэзідэнта Расіі аб тым, каб аб’явіць персонамі нон грата 31 супрацоўніка пасольства ЗША ў Маскве і 4 дыпламатаў з генконсульства ў Санкт-Пецярбургу".

Прэзідэнт  Уладзімір Пуцін з адказам доўга чакаць сябе не прымусіў.: "Пакідаючы за сабою права на меры ў адказ, мы не будзем апускацца да ўзроўню "кухоннай", безадказнай дыпламатыі і далейшыя крокі па аднаўленні расійска-амерыканскіх адносін будзем рабіць, зыходзячы з палітыкі, якую будзе праводзіць Адміністрацыя Прэзідэнта Дональда Трампа... Мы не будзем ствараць праблем для амерыканскіх дыпламатаў. Мы нікога не будзем высылаць".

А  расійскім дыпламатам дадзены 72 гадзіны, каб пакінуць тэрыторыю ЗША. Супрацоўнікі дыпмісій паведамілі, што сутыкнуліся з праблемамі пры куплі білетаў у Расію. Для іх усё гэта  стала поўнай нечаканасцю,  людзі  рыхтаваліся сустракаць любімае свята - Новы год.

 "Замест элегантнай кропкі - тоўстая клякса". Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава назвала Адміністрацыю Барака Абамы "знешнепалітычнымі няўдачнікамі", адзначыўшы, што "Абама нанёс Вашынгтону аплявуху,  максімальна павялічыўшы колькасць неадкладных спраў для каманды, якая прыходзіць".  І ў  камандзе рэспубліканца мяркуюць, што абмежавальныя меры Адміністрацыі  Абамы накіраваны супраць яго пераемніка.

Каментарый самога новаабранага прэзідэнта ЗША  быў кароткі:  "Прыйшоў час для нашай краіны перайсці да больш вялікага і лепшага", - заявіў Трамп і паабяцаў асабіста сустрэцца з галоўнымі разведчыкамі.

Келіэн Конуэй,  старшы саветнік абранага прэзідэнта ЗША: "Нават тыя, хто падтрымлівае прэзідэнта Абаму па большасці пытанняў, гавораць, што адна з прычын таго, што ён зрабіў, гэта спроба загнаць абранага прэзідэнта Трампа ў вугал. Я не веру, што Уладзімір Пуцін перашкаджаў  Клінтан удзельнічаць у гонцы ў Пенсільваніі, Вісконсіне і Мічыгане".

Трамп і раней называў "смяхотнымі" заявы аб тым, што  падчас перадвыбарнай кампаніі яму дапамагалі  хакеры, звязаныя з расійскімі ўладамі. Яго саветнік  падкрэсліла: нішто не магло нашкодзіць дэмакратцы  Клінтан, якая прайграла,  больш, чым уласная правальная стратэгія. А вядучы аглядальнік The Washington Post Карэн Дэ Янг  лічыць, што абраны прэзідэнт Дональд Трамп можа "зняць прынятыя Абамай санкцыі сваім прэзідэнцкім указам". 

Расія накіруе ў ЗША самалёт за сваімі дыпламатамі  і іх сем'ямі.

Паводле апошняй інфармацыі, Расія накіруе самалёт за сваімі дыпламатамі  і іх сем'ямі ў ЗША,-  паведамляе РІА "Навіны" са спасылкай на Крэмль.

"Для выезду расійскіх дыпламатаў і членаў іх сем'яў у ЗША будзе накіраваны самалёт спецыяльнага лётнага атрада "Расія" Упраўлення спраў Прэзідэнта Расіі", - паведамілі ў адміністрацыі прэзідэнта.