Цэлы дзень увага сусветных СМІ сёння была прыкаваная да эквадорскага пасольства ў Лондане. Напярэдадні Джуліян Асанж заявіў, што гатовы здацца і пакінуць будынак. Аднак з'явіўся заснавальнік скандальна вядомага сайта WikiLeaks ізноў толькі на балконе.
Асанж назваў "перамогай" абвешчанае сёння рашэнне экспертаў ААН аб тым, што яго вымушанае зняволенне ў будынку пасольства раўнасільнае незаконнаму пазбаўленню волі. ААН запатрабавала ад Лондана і Стакгольма спыніць праследаванне аўстралійца і кампенсаваць яго пакуты.
Джуліян Асанж, заснавальнік сайта WikiLeaks: "Гэта так прыемна. Гэта перамога, якую нельга не прызнаць. Гэта гістарычная перамога не толькі для мяне, маёй сям'і, дзяцей, але і для незалежнай сістэмы ААН. Жадаю падзякаваць гэтай арганізацыі, кіраванню Вярхоўнага камісара па правах чалавека, працоўнай групе, якая займалася маім пытаннем".
Тым часам Вялікабрытанія і Швецыя з рашэннем працоўнай групы ААН не пагадзіліся і не маюць намер яго выконваць. Сам Асанж, каменціруючы гэта, заявіў, што дэмарш Лондана і Стакгольма можа падарваць усю сістэму ААН. Нагадаем, Джуліян Асанж не пакідаў тэрыторыю эквадорскага пасольства ўжо чатыры гады, асцерагаючыся арышту брытанскімі праваахоўнікамі і дэпартацыі ў Швецыю. Там яго абвінавачваюць у злачынстве сэксуальнага характару. Сам Асанж абвінавачанні адпрэчвае і лічыць, што Стакгольм перадасць яго ў рукі амерыканскага правасуддзя. За акіянам яму пагражае смяротнае пакаранне за публікацыю на сваім сайце дзясяткаў тысяч сакрэтных дэпеш амерыканскіх дыпламатаў.













