Улады Румыніі працягваюць высвятляць акалічнасці трагедыі ў бухарэсцкім клубе "Калектыў"

31 октября 2015

Ахвярамі пажару, які адбыўся гэтай ноччу падчас рок-канцэрта, сталі 27 чалавек. Гэтая лічба можа ўзрасці - гавораць медыкі. Пацярпелых - каля двухсот. Палова з іх шпіталяваныя з атручэннем і апёкамі.

Падрабязнасці трагедыі - у Юрыя Казлова. "Дзень, у які мы памром" - гэтая песня румынскай металкор-групы Goodbye to Gravity па злой іроніі стала фатальнай для сотняў наведвальнікаў бухарэсцкага клуба "Калектыў". Паводле звестак паліцыі, яны пакуль папярэднія, падчас выканання кампазіцыі са злавеснай назвай пачалося піратэхнічнае шоу - яго арганізатары пакуль невядомыя. Раптам успыхнулі дэкарацыі, загарэлася столь. Пачалася паніка. Наведвальнікі клуба кінуліся да выхаду, узнікла ціскатня. Экстранныя службы прыбылі на месца трагедыі аператыўна - усяго праз 11 хвілін. Але было ўжо позна.

Як паведамляюць мясцовыя СМІ са спасылкай на відавочцаў, у брыгад хуткай дапамогі не хапала кіслародных падушак. Яны выкарыстоўваюцца для лячэння атручэння ўгарным газам. Большасць пацярпелых - падлеткі.

Зараз побач з клубам разгорнуты мабільны шпіталь. На месцы здарэння працягваюць працаваць пажарныя, медыкі, паліцыя.

Міністр аховы здароўя Румыніі звярнуўся да жыхароў сталіцы з просьбай здаваць кроў, каб дапамагчы пацярпелым. Яшчэ ўначы на заклік адгукнуліся дзясяткі чалавек.

Спачуванні пацярпелым і сем'ям загінуўшых выказаў прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс. Урачы, паміж тым, са шкадаваннем адзначаюць, што лік загінуўшых, напэўна, будзе расці. Шматлікія пацярпелыя шпіталяваныя з моцнымі апёкамі - да 80% цела. Іх стан ацэньваецца як крытычны. Пачатае расследаванне.