Несуцяшальная статыстыка і ў суседняй Расіі. Колькасць смяротных выпадкаў перайшла чырвоную рысу. Улады гатовыя да лакдаўна і ўводзяць новыя абмежаванні. З Масквы перадае Дар'я Белавусава-Пятроўская.
Рашэнне зрабіць прышчэпку ад COVID Святлане далося не адразу. Доўга думала, бо за ўвесь час пандэміі яна ні разу не захварэла. Але без вакцынацыі яна страціла б працу. На яе думку, гэта занадта жорсткія меры для бізнесу, бо прышчэпка - справа добраахвотная.
У Маскве адкрытыя каля 300 цэнтраў вакцынацыі
Упершыню ў Маскве 5 тыдняў запар адзначаюць высокі 30-працэнтны рост захварэўшых. Такога не было ні ў адзін з папярэдніх перыядаў. Сёння ў сталіцы Расіі адкрытыя каля 300 цэнтраў вакцынацыі. У ДУМе - адзін з самых папулярных, бо знаходзіцца проста на Краснай плошчы. Прышчапіцца можа любы ахвочы, але папярэдне трэба прайсці некалькі этапаў кантролю. Запоўніць анкету, дзе трэба ўказаць гісторыю сваіх хвароб, прайсці агляд урача і толькі тады атрымаць дазвол на прышчэпку. Масквіч Андрэй Вараб'ёў вакцынуецца ад COVID упершыню. Рашэнне свядомае, бо ў снежні мінулага года перахварэў і больш не хоча зведаць падобныя адчуванні.
Большасць пацыентаў у чырвонай зоне невакцынаваныя
Практычна ўсе ўрачы, асабліва тыя, хто працуе ў чырвонай зоне, выступаюць за вакцынацыю. Бо ўсе цяжкія пацыенты, як правіла, не прышчапляліся. У зоне рызыкі людзі з хранічнымі захворваннямі. А такіх зараз шмат і сярод моладзі. Таму на сённяшні дзень, на іх думку, вакцынацыя - адзіны эфектыўны спосаб у барацьбе з пандэміяй.
Цэнтр вакцынацыі ў ДУМе - адзін з самых буйных у Маскве. Штодня атрымаць прышчэпку тут могуць да 5 тысяч чалавек. Але самы прыемны бонус іх чакае ў канцы. Кожны пацыент атрымлівае фірмовае марожанае "Эскімо" ад ДУМа.
У Расіі на COVID-19 захварэлі больш як 8 млн чалавек
Лік захварэўшых на COVID-19 у Расіі ўжо больш за 8 мільёнаў. Па колькасці хворых лідзіруе Масква. У дзень выяўляюць да 7 тысяч чалавек, таму сталіца ўводзіць новыя абмежаванні. З 25 кастрычніка па 25 лютага на аддаленую працу неабходна перавесці 30 % супрацоўнікаў фірм, прадпрыемстваў і дзяржустаноў. На самаізаляцыю павінны сысці ўсе маскоўскія пенсіянеры, асабліва з хранічнымі захворваннямі. Каб знізіць рост інфікаваных вірусам, непрацоўнымі аб'яўленыя дні з 30 кастрычніка па 7 лістапада па ўсёй краіне.













