Уладзіміра Этуша па традыцыі праводзілі апладысментамі і крыкамі "брава"

12 марта 2019

Таварыш Саахаў  з "Каўказскай палонай", стаматолаг Шпак  з  камедыі "Іван Васілевіч мяняе прафесію" і Карабас Барабас з  казкі "Прыгоды Бураціна". На яго рахунку больш  чым сто роляў у тэатры і кіно. Сёння Масква развіталася з народным артыстам СССР  Уладзімірам Этушам. Паніхіда прайшла ў тэатры імя Вахтангава, дзе артыст праслужыў  звыш 70 гадоў. Што Уладзіміра Абрамавіча  звязвала з Беларуссю? І чаму калегі яго называлі  арыстакратам акцёрскага цэха? 

Рэпартаж Дар'і Белавусавай-Пятроўскай. 

Ён усё так сама ўсміхаецца з фатаграфій на парадным уваходзе ў тэатр імя Вахтангава. Але фон ужо чорны, а побач з датай нараджэння  дата яго смерці. Без Уладзіміра Этуша тэатр нібы асірацеў. Але яго павага да сцэны, прафесіі і гледача назаўжды будзе жыць у яго вучнях.

Уладзімір Этуш быў найстарэйшым акцёрам, які працягваў  працаваць  у тэатры імя Вахтангава. Прыйшоў сюды адразу пасля вайны - у 1945 і праслужыў тут больш  як 70 гадоў. 400 разоў выходзіў на сцэну ў спектаклі "Будзьце здаровыя" і 17 гадоў іграў у п'есе "Дзядзечкаў сон".

Ён жыў тэатрам і нібы падсілкоўваўся ад яго энергіяй. Нягледзячы на салідны ўзрост - 97 гадоў - літаральна некалькі месяцаў таму  выконваў вядучую ролю ў спектаклі "Бенефіс" паводле лірычнай камедыі "Прыходзь на мяне паглядзець". Прычым, у гэтай пастаноўцы Уладзімір Этуш упершыню выконваў жаночую ролю.

Майстар імправізацыі - кожная роля Уладзіміра Этуша ў кіно разыходзілася на цытаты. Інжынер Брунс з "12 крэслаў", стаматолаг Шпак з камедыі "Іван Васілевіч мяняе прафесію" і, вядома, тэмпераментны брунет таварыш Саахаў з "Каўказскай палоннай". Няхай "камсамолка, спартсменка і проста прыгажуня" Ніна паводле сцэнарыя яму адмовіла, у рэальным жыцці ён улюбляў у сябе з першага погляду.

Наталля Дрожжына, заслужаная артыстка Расіі, вучаніца Уладзіміра Этуша: "Усе студэнткі ў яго былі закаханыя. Ён быў настолькі галантны мужчына, настолькі прыгажун, што мы, 18-гадовыя дзяўчыны, былі ў яго больш закаханыя. Таму сёння я развітваюся з каханым мужчынам маёй маладосці".

Дарэчы,  ва Уладзіміра Этуша беларускія карані. Яго бацька нарадзіўся ў пасёлку Глуск  Магілёўскай вобласці. Многае звязвае артыста і з кінастудыяй "Беларусьфільм". У 1975 годзе ён сыграў  Карабаса Барабаса ў музычнай казцы Леаніда Нячаева "Прыгоды Бураціна".

Сёння па тэатральнай традыцыі арыстакрата акцёрскага цэха, які ніколі не фальшывіў, праводзілі апладысментамі і крыкамі "брава". Уладзіміра Этуша пахаваюць на Новадзявочых могілках.