Уладзімір Зяленскі заняў пасаду кіраўніка Украіны

20 мая 2019

У Кіеве сёння раніцай адбылася ўрачыстая цырымонія інаўгурацыі абранага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Шосты ўкраінскі лідар прысягнуў на вернасць сваёй краіне.

Цырымонія па традыцыі праходзіла ў Вярхоўнай радзе. Раней Зяленскі запрасіў украінцаў наведаць у гэты дзень Марыінскі парк, дзе былі ўсталяваныя экраны, на якіх транслявалася ўся працэдура інаўгурацыі. Быў выкананы дзяржаўны гімн Украіны. Уладзімір Зяленскі зачытаў тэкст прысягі, паклаўшы правую далонь на Перасапніцкае Евангелле, у гэты момант яго локаць абапіраўся на Канстытуцыю Украіны.

Потым кіраўнік Канстытуцыйнага суда Наталля Шаптала ўручыла прэзідэнту Украіны сімвалы ўлады. Гэта булава, нагрудны знак і гербавая пячатка. У сваёй інаўгурацыйнай прамове Зяленскі аб'явіў пра роспуск Вярхоўнай рады. Таксама прэзідэнт папярэдзіў дэпутатаў парламента, што ў іх засталося два месяцы для таго, каб прыняць закон аб адмене дэпутацкай недатыкальнасці і адправіць у адстаўку кіраўніка СБУ, генпракурора і міністра абароны.

Пасля гэтага ўкраінскія вайскоўцы прынеслі прысягу Уладзіміру Зяленскаму як Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму. Быў падняты прэзідэнцкі штандар. Потым украінскі лідар сустрэўся з замежнымі гасцямі - прадстаўнікамі больш як дзясятка краін. Ад Беларусі на цырымоніі прысутнічаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Ляшэнка. У цэнтры Кіева сёння абмежаваны рух.