Уладзімір Зяленскі стаў шостым прэзідэнтам Украіны

20 мая 2019

Уладзімір Зяленскі   афіцыйна стаў новым прэзідэнтам Украіны. Цырымонія інаўгурацыі прайшла раніцай у Кіеве. Уступаць на пасаду Зяленскі прыйшоў пешкам, і па шляху актыўна рабіў сэлфі з  усімі ахвотнікамі. 

У зале пасяджэнняў Вярхоўнай рады шосты  лідар прысягнуў  на вернасць  краіне. Затым кіраўнік Канстытуцыйнага суда Наталля Шаптала ўручыла прэзідэнту Украіны сімвалы ўлады - гэта булава, нагрудны знак і гербавая пячаць. У інаўгурацыйнай прамове Зяленскі аб’явіў  аб роспуску Вярхоўнай рады. І папярэдзіў дэпутатаў, што ў іх засталося два месяцы на тое, каб прыняць закон аб адмене дэпутацкай недатыкальнасці і адправіць у адстаўку кіраўніка СБУ, генпракурора і міністра абароны. 

Не абышлася інаўгурацыя Зяленскага без канфузаў: людзям, якія ўтварылі "калідор пашаны", раздалі перавернутыя флагі  краіны: жоўты колер - зверху, сіні - знізу. Акрамя таго, пасведчанне кіраўніка дзяржавы звалілася на пол пасля ўручэння - выслізнула з цырыманіяльнай падушкі, якую нёс ваенны ганаровай варты. Вызначыўся  і спікер парламента Андрэй Парубій, які закрыў  пасяджэнне фразай "Дзякуй усім. Было весела". 

У СМІ трапілі і фатаграфіі таго, як пасля цырымоніі народныя дэпутаты масава робяць сэлфі за трыбунай і чапаюць унікальнае Перасопніцкае Евангелле, якому больш за 400 гадоў, і да яго нельга дакранацца рукамі без пальчатак. А жонка Уладзіміра Зяленскага Алена ўжо запусціла Instagram-акаўнт першай лэдзі - і там ужо ёсць першыя фота.