Уладзімір Зяленскі мае намер працягваць мінскі працэс па Данбасе

22 апреля 2019
Тэмай, якая найбольш абмяркоўваецца ў інфармацыйнай прасторы  гэтымі днямі, стала палітычная кампанія ва Украіне. Краіна зрабіла свой выбар. Упэўненую перамогу ў другім туры атрымлівае Уладзімір Зяленскі. Пасля апрацоўкі пратаколаў кандыдат ад партыі "Слуга народа" набірае 73,15 % галасоў. І гэта гістарычны рэкорд падтрымкі выбаршчыкаў. Ужо прагучалі і заявы аб першых кроках на пасадзе кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, Зяленскі мае намер працягваць мінскі працэс па Данбасе. "Нармандскі фармат" застаецца ключавым механізмам у вырашэнні ваеннага канфлікту. Дзеючы кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка сыходзіць з палітыкі не збіраецца і прапанаваў Уладзіміру Зяленскаму ў выпадку неабходнасці сваю дапамогу. Гэтымі днямі ў Кіеве працуе наша здымачная група. Чаго чакаюць ўкраінцы - пачуў  Аляксей Волкаў. 

Такога краіна яшчэ не ведала: амаль 75 % галасоў аддалі ўкраінцы за Уладзіміра Зяленскага. Гістарычны рэкорд кандыдата Зе накладвае і сур'ёзную адказнасць. Так, зараз рэйтынгі ўжо сапраўднага, а не экраннага слугі народа ўзляцелі да нябёсаў. Але ж ёсць Данбас, пазыковая яма і дарагая камуналка - рака праблем у краіне даўжэйшая за Днепр, і за кожным крокам палітыка і яго каманды будуць сачыць гэтак жа пільна, як Радзіма-маці за Кіевам. 

Але пра гэта напэўна будзе думаць Уладзімір Зяленскі з будучыні, а сёння новаабраны кіраўнік дзяржавы - трыумфатар доўгай і напружанай гонкі. Дарэчы, свае віншаванні накіраваў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы, што наша краіна заўсёды будзе для Украіны добрым сябрам і партнёрам. У сваю чаргу шоумен-прэзідэнт адзначыць: мінскія пагадненні - тое, што падорыць мір знясіленаму вайной Данбасу.

Сваю каманду Зяленскі ужо сфарміраваў. Частку ён прадставіў яшчэ за некалькі дзён да выбараў на ток-шоу. Аднак ключавыя пасады (такія, як міністр замежных спраў, кіраўнік СБУ і генпракурор) застаюцца ў таямніцы. Але новы палітык абяцае толькі новыя твары.

А вось новы майдан у Кіеве ўсё-такі адбыўся. Праўда, толькі з васьмі чалавек. Патрабаванні пратэстоўцаў наколькі простыя, настолькі і незразумелыя - Украіна для ўкраінцаў.

Без уліку гэтых нюансаў Зяленскага ўспрымаюць як "кандыдата міру". Ён хоча аб'яднаць народ, не пагаршаючы моўнае пытанне, прапаноўвае аддаць адміністрацыю на Банкавай пад дом культуры і хоча распусціць Раду датэрмінова. Але зрабіць яму гэта можа перашкодзіць інаўгурацыя: калі яна пройдзе да 23 мая - так, калі хаця б на некалькі дзён пазней - не. Паўгода да выбараў, на якія ўжо з прыжмурам глядзіць Пётр Парашэнка.

Ужо заўтра ЦВК Украіны прад'явіць фінальныя лічбы, якія наўрад ці моцна памяняюцца. Міжнародныя назіральнікі таксама адобрылі ход выбараў. А некаторыя жыхары краіны бачаць у Зяленскім ледзь не месію і вераць, што ён здольны дапамагчы краіне. Іншыя (і пакуль іх меншасць) лічаць, што "гаворыць ён добра, а што будзе рабіць і як - незразумела". Увогуле, пасля заканчэння перадвыбарнага шоу Уладзіміру Зяленскаму трэба будзе правесці вялікую работу, каб даказаць - яго прэзідэнцтва не розыгрыш.