Увесь свет смуткуе па легендзе бокса Махамеду Алі

4 июня 2016

Гэтая навіна сёння раніцай шакіравала мільёны людзей. Увесь свет смуткуе па легендзе бокса Махамеду Алі. Амерыканскі баксёр памёр у бальніцы горада Фінікс (штат Арызона), дзе апошнія некалькі дзён ён знаходзіўся ў цяжкім стане з-за праблем з лёгкімі. Развітанне і пахаванне пройдуць на радзіме баксёра ў горадзе Луісвіл (штат Кентукі). За прафесійную кар'еру Алі правёў 61 бой, атрымаў 56 перамог (37 - накаўтам). У 1999 годзе яго прызналі спартсменам стагоддзя.

Махамед Алі - першы ў свеце баксёр, які тройчы выйграваў званне чэмпіёна свету сярод цяжкавагавікоў. Першы раз ён атрымаў гэты тытул у 1964 годзе, потым яшчэ раз у 1974 годзе і ў 1978-м.

Махамед Алі (сапраўднае імя Касіус Марселус Клей) быў адным з самых вядомых баксёраў за ўсю гісторыю сусветнага бокса. Уладальнік звання "Баксёр года" (пяціразовы - 1963, 1972, 1974, 1975, 1978 гг.) і "Баксёр дзесяцігоддзя" паводле версіі часопіса The Ring.

Махамед Алі, баксёр: "Мяне шмат разоў узнагароджвалі ў розных краінах, але няма нічога больш прыемнага, чым вярнуцца на радзіму і атрымаць узнагароду".

На піку кар'еры спартсмен прыняў рашэнне не праходзіць службу ў арміі ЗША, з-за чаго пазбавіўся ўсіх тытулаў. Быў адхілены ад удзелу ў спаборніцтвах больш чым на тры гады, але, вярнуўшыся ў спорт, вярнуў сабе званне чэмпіёна свету ў барацьбе з лепшымі баксёрамі залатой эры бокса. Сярод іх - Джо Фрэйзер і Джордж Формен.

Сільвестр Сталонэ, акцёр, сцэнарыст і прадзюсар: "Ён быў лепшым байцом проста таму, што шмат у чым перасягаў сваіх сапернікаў. Ён быў самым хуткім, самым лепшым, самым пазітыўным, магчыма, найвялікшым у свеце спартсменам усіх часоў".

Шмат гадоў Алі пакутаваў ад хваробы Паркінсона. Яе ўрачы дыягнаставалі ў 1984 годзе - усяго праз некалькі гадоў пасля тако, як Махамед Алі скончыў спартыўную кар'еру. Але хвароба не зламала барца. Шмат гадоў ён займаўся грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю. На мяжы стагоддзяў быў Паслом добрай волі ЮНІСЕФ. Махамед Алі стаў займацца боксам у 12 гадоў, пасля таго як у яго выкралі велдасіпед, а ў 1996 годзе ён запаліў алімпійскі агонь на Гульнях у Атланце.