Вярхоўная Рада Украіны зоймецца фарміраваннем урада

24 февраля 2014

Вярхоўная Рада Украіны зоймецца фарміраваннем кааліцыі і ўрада. Кандыдатуру новага прэм'ер-міністра занясе на разгляд дэпутатаў спікер парламента. Учора стала вядома, што ад гэтай пасады адмовілася вызваленая ў суботу з турмы экс-прэм'ер Юлія Цімашэнка. Пасля таго як увечар таго ж дня на Майдане яе прывіталі тысячы чалавек, ужо ў нядзелю ў Кіеве прайшоў мітынг яе праціўнікаў. Людзі патрабуюць новых асоб на вышэйшых дзяржпасадах, а таксама рашэння эканамічных праблем.


Учора спікер парламента Аляксандр Турчынаў, прызначаны выконваючым абавязкі прэзідэнта, прызнаў, што фінансавае становішча Украіны зараз катастрафічнае. У дзяржказне няма ні капейкі. Менавіта гэтая акалічнасць, на думку назіральнікаў, стала прычынай масавых адставак: са сваіх пасад пайшлі губернатары адразу дзевяці заходніх і цэнтральных абласцей Украіны. Зрэшты, грошы прыхільнікам украінскай еўраінтэграцыі паабяцалі ўжо ў Бруселі. Дваццаць мільярдаў еўра, паводле слоў еўрачыноўніка Элмара Брока, пойдуць на правядзенне рэформ.