Вялікабрытанія можа застацца ў Еўрасаюзе на год даўжэй

15 августа 2016

Вялікабрытанія можа застацца ў Еўрасаюзе на год даўжэй, чым гэта планавалася пасля чэрвеньскага рэферэндуму. Гэта паведаміла напярэдадні брытанская "Сандэй Таймс", спасылаючыся на высокапастаўленыя крыніцы ў Кабінеце міністраў і Лонданскім Сіці. Чакалася, што працэдура па выхадзе краіны з Еўрасаюза пачнецца ў студзені. Аднак негатоўнасць да гэтага працэсу міністэрстваў па пытаннях Брэксіту і знешняга гандлю можа прымусіць кіраўніка ўрада Тэрэзу Мэй адкласці гэтыя планы. Прычынай затрымкі таксама могуць стаць выбары прэзідэнта Францыі і дэпутатаў нямецкага бундэстага ў наступным годзе, паколькі незразумела, з кім прыйдзецца весці перамовы. Нагадаем, за выхад Вялікабрытаніі з ЕС на рэферэндуме 23 чэрвеня прагаласаваў 51 працэнт выбаршчыкаў.