Вашынгтон будзе гатовы скласці з Брытаніяй новае гандлёвае пагадненне адразу пасля яе выхаду з ЕС

30 марта 2019

Саветнік прэзідэнта ЗША па нацбяспецы паабяцаў, што дамова задаволіць жыхароў Туманнага Альбіёна. Паводле слоў Джона Болтана, менавіта за гэта брытанцы галасавалі ў 2016 годзе. Ён таксама адзначыў, што Дональд Трамп сімпатызуе прэм'ер-міністру Тэрэзе Мэй, якой прыходзіцца працаваць пад сур'ёзным ціскам. Аднак Штаты не будуць даваць якіх-небудзь парад.

Напярэдадні парламент Вялікабрытаніі трэці раз адхіліў праект пагаднення аб умовах выхаду з аб'яднання. Зараз Злучанае Каралеўства можа пакінуць Еўрасаюз 12 красавіка без дамовы наогул. У гэтай сувязі кіраўніцтва ЕС мае намер правесці 10 красавіка экстранны саміт.