Ва ўкраінскі парламент праходзяць шэсць партый

28 октября 2014

Ва Украіне да гэтага часу апрацавана крыху больш за 90% галасоў выбаршчыкаў, пададзеных падчас пазачарговых выбараў у Вярхоўную раду. Такім чынам, можна ўжо з упэўненасцю сцвярджаць, што ва ўкраінскі парламент праходзяць шэсць партый. Лідарам выбарчай гонкі стаў Народны фронт прэм'ер-міністра Арсенія Яцанюка, які набраў крыху больш за 22% галасоў. Ён апярэджвае прэзідэнцкі блок Пятра Парашэнкі амаль на паўпрацэнта. Трэцяе месца займае аб'яднанне Самадапамога львоўскага мэра. Партыя Андрэя Садовага атрымала амаль 11% галасоў украінцаў, што стала для ўсіх нечаканасцю. Трохі болей як 9% атрымаў Апазіцыйны блок. Гэтае выбарчае аб'яднанне адлюстроўвае інтарэсы насельніцтва ўсходніх абласцей. Радыкальная партыя Алега Ляшко адваявала каля 7,5% у будучым украінскім парламенце. Замыкае шасцёрку Бацькіўшчына Юліі Цімашэнкі. У яе 5,7% галасоў. Астатнія партыі і блокі не пераадольваюць пяціпрацэнтны бар'ер.