Ва Украіне пачалася агітацыя перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў, які прызначаны на 21 красавіка

8 апреля 2019

Як паведаміў ЦВК краіны, яна падоўжыцца да 24 гадзін 19 красавіка. Галоўнай інтрыгай перадвыбарнай гонкі па-ранейшаму з'яўляюцца дэбаты. Праўда, дагэтуль застаюцца няяснымі ні час іх правядзення, ні месца. Пётр Парашэнка і Уладзімір Зяленскі маюць намер сустрэцца на кіеўскім стадыёне "Алімпійскі". Аднак Цэнтрвыбаркам такую ініцыятыву заве незаконнай і настойвае на тэледэбатах у памяшканні грамадскай тэлерадыёкампаніі. Адзначым, паводле закона, слоўная дуэль кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду павінна прайсці ў прамым эфіры ў апошнюю пятніцу перад днём паўторнага галасавання - гэта значыць 19 красавіка. Але дзеючы прэзідэнт Украіны запрасіў свайго саперніка на дэбаты 14 красавіка.

Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны:  "Стадыён - не лепшае месца для правядзення гэтай дыскусіі, але стадыён дык стадыён. Я хачу падкрэсліць, што 14 красавіка на рэспубліканскім стадыёне, менавіта там, дзе прапанаваў Зяленскі, я чакаю яго для правядзення дэбатаў. Я думаю, што ў 19:00-20:00 будзе найлепшы час. І я запрашаю і гледачоў, і ўсе каналы для таго, каб дэбаты былі праведзеныя, як хацеў Зяленскі. Каб не даць яму адмовіцца ад сваёй жа прапановы".

Зяленскі ж будзе чакаць Парашэнку на "Алімпійскім" 19 красавіка. І ў сваім акаўнце ў "Інстаграме" ўжо збірае вострыя пытанні ад выбаршчыкаў для апанента. 

Уладзімір Зяленскі, кандыдат у прэзідэнты Украіны: "Усім прывітанне! 19 красавіка на стадыёне "Алімпійскі" пройдуць мае дэбаты з Парашэнкам. Дзе я змагу задаць яму любыя пытанні. Напрыклад, калі пачнуцца арышты, чаму Свінарчукі не за кратамі. Я думаю, што ў народа Украіны за пяць гадоў вельмі шмат пытанняў да Парашэнкі, якія вы не можаце яму задаць, але я магу. Ад вашага імя. Таму, калі ласка, пішыце ў каментарыях, якое пытанне менавіта ты хочаш паставіць Парашэнку".

Відэа ўсяго за некалькі гадзін паглядзелі звыш мільёна карыстальнікаў. Колькасць пакінутых пад ролікам каментарыяў падбіраецца да 30 000. Пакуль жа выбаршчыкі прыкідваюць, ці змогуць кандыдаты дамовіцца аб дакладным месцы і часе і ці не размінуцца яны на дэбатах.