У Турцыі ўступіў у сілу закон аб адмене візавых абмежаванняў для краін Шэнгенскай зоны

3 мая 2016

Праўда, дэ-факта ён пачне дзейнічаць толькі з моманту ўвядзення аналагічнага рэжыму з боку Бруселя. Паводле звестак СМІ, Еўракамісія можа адобрыць свабодны ўезд для турэцкіх грамадзян ужо заўтра. Пры гэтым мера не будзе распаўсюджвацца на тых, хто збіраецца ўладкоўвацца на працу або плануе затрымацца ў любой з краін ЕС даўжэй чым на тры месяцы. Пагадненне аб узаемнай лібералізацыі візавага рэжыму - частка дамоўленасці паміж Бруселем і Анкарой, у рамках якога Турцыя пагадзілася прымаць мігрантаў, вернутых з Грэцыі, куды яны прыбылі нелегальна з турэцкай тэрыторыі.

Тым часам нацыянальныя ўрады шэрагу еўрапейскіх краін хочуць падоўжыць кантроль на ўнутраных межах Шэнгена. Зараз гэта адзіны дзейсны сродак абароны ад нелегалаў. Зварот у Еўракамісію накіравалі ўлады Германіі, Францыі, Аўстрыі, Бельгіі, Швецыя і Данія. Урад апошняй, зрэшты, у аднабаковым парадку падоўжыў пашпартны кантроль на дзяржаўнай мяжы яшчэ на месяц.

Між тым, Еўракамісія не выключае ўвядзення штрафаў у дачыненні да краін, якія адмаўляюцца размяшчаць па квотах бежанцаў. Як піша Financial Times, памер грашовага спагнання можа скласці каля 250 тысяч еўра за аднаго чалавека. Як падлічылі журналісты выдання на асобна ўзятым прыкладзе Польшчы, дзяржаве давядзецца раскашэліцца на мільярд еўра, каб не размяшчаць на сваёй тэрыторыі згодна з квотай чатыры з паловай тысячы бежанцаў.