У Турцыі не спыняюцца масавыя мітынгі прыхільнікаў прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана

8 августа 2016

Самая маштабная за апошні час акцыя пратэсту супраць спробы дзяржперавароту прайшла ў Стамбуле. Паводле некаторых звестак, на вуліцы выйшлі некалькі мільёнаў чалавек. Нагадаем, 15 ліпеня падчас няўдалай спробы ваеннага перавароту ў Турцыі загінулі больш за 270 чалавек. Пасля па гэтай справе былі затрыманы або арыштаваны каля 18 тысяч чалавек. Абмежавальныя меры Анкары неаднаразова крытыкавалі ў Еўрасаюзе. У Бруселі папярэдзілі - такія дзеянні могуць зрабіць немагчымай перспектыву членства Турцыі ў ЕС. У адказ турэцкі лідар заявіў, што краіна стаіць ля парога Адзінай Еўропы ўжо шмат гадоў і, як відаць, пускаць яе ў еўрапейскую сям'ю ніхто і не збіраўся.

На фоне шматмільённых мітынгаў у Стамбуле прыйшла навіна аб пагрозе выбуху ў міжнародным аэрапорце Атацюрка. Турэцкае выданне "Сабах" паведаміла, што ў будынку шукаюць бомбу. Навіну хутка распаўсюдзілі інфармагенцтвы. Аднак пазней інфармацыю абверглі. Паветраная гавань працуе ў штатным рэжыме. Нагадаем, гэтым летам стамбульскі аэрапорт пацярпеў у выніку некалькіх інцыдэнтаў. 28 чэрвеня тры тэрарысты-смяротнікі падарвалі сябе на тэрыторыі тэрмінала. Загінула 45 чалавек, каля 240 атрымалі раненні. А ў ноч на 16 ліпеня будынак быў захоплены ваеннымі мяцежнікамі, але ўрадавыя сілы аператыўна выбілі іх з паветранай гавані.