У Турцыі мінулай ноччу мяцежнікі паспрабавалі ўчыніць дзяржаўны пераварот

16 июля 2016

Такім чынам, мы працягваем сачыць за інфармацыяй з Турцыі. Там мінулай ноччу мяцежнікі паспрабавалі ўчыніць дзяржпераварот. Пад ударамі апынуліся Стамбул і Анкара. У галоўных турэцкіх гарадах сапраўднай бамбёжцы падвергнуўся комплекс урадавых будынкаў. Сярод іх - рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы і парламент. Але ўжо раніцай улады рапартавалі аб тым, што мяцеж атрымалася прадухіліць. У розных правінцыях арыштаваныя паўтары сотні змоўшчыкаў. Да гэтай хвіліны вядома аб затрыманні амаль 1600 чалавек. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў пасланне Прэзідэнту Турцыі Рэджэпу Эрдагану ў сувязі са спробай ваеннага перавароту ў гэтай краіне. У ім выказваюцца словы падтрымкі і салідарнасці з легітымнай уладай Турцыі.

Уся хроніка начных падзей у Ніны Кананюк. Свет яшчэ не паспеў апамятавацца пасля крывавай трагедыі ў Ніцы, як мінулай ноччу ў Турцыі адбылася спроба ваеннага перавароту. Аб гэтым пішуць усе сусветныя СМІ са спасылкай на мясцовыя ўлады. Паводле слоў прэм'ер-міністра краіны Йылдырыма Біналі, група вайскоўцаў, выкарыстоўваючы дадзеныя ім паўнамоцтвы і зброю, паспрабавала ўчыніць безадказныя супрацьпраўныя дзеянні. Лік загінуўшых у выніку сутыкненняў паміж мяцежнікамі і ўрадавымі войскамі на дадзеную хвіліну складае звыш 90 чалавек, яшчэ сотні атрымалі раненні.

Асноўныя падзеі разгарнуліся ў галоўных турэцкіх гарадах - Анкары і Стамбуле. У небе над урадавымі будынкамі пачалі лятаць ваенныя верталёты і знішчальнікі. На вуліцах з'явіліся танкі. Гукі стрэлаў і выбухі рушылі ўслед неадкладна. Сілавікі на верталётах абстрэльвалі будынкі парламента, Генштаба, разведкі і дзяржаўнай тэлекампаніі ТРТ. У Стамбуле цяжкая тэхніка была ўведзеная на тэрыторыю аэрапорта Атацюрк. У выніку авіягавань спыніла працу. Увесь персанал сіл бяспекі і паліцыі быў мабілізаваны ў тэрміновым парадку.

Паводле звестак нацыянальнай разведкі, спробу путчу распачало камандаванне ВПС і жандармерыі. Па падазрэнні ва ўдзеле ў спробе ваеннага перавароту ў Турцыі ўжо затрыманыя амаль 2 тысячы чалавек, з пасад знятыя 5 генералаў і 29 палкоўнікаў узброеных сіл, - паведамляе турэцкае інфармагенцтва "Анадолу". Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган абвінаваціў у тым, што адбылося, Фетхулаха Гюлена. Гэта духоўны лідар руху "Хізмет", былы імам, прапаведнік і ісламскі грамадскі дзеяч, які цяпер пражывае ў ЗША ў штаце Пенсільванія ў добраахвотным выгнанні.

Паводле слоў прэм'ер-міністра Турцыі, сітуацыя ў краіне паступова нармалізуецца. Тое, што адбываецца, узята пад кантроль.

Міністэрства замежных спраў Беларусі рашуча асудзіла злачынную спробу незаконнага звяржэння дзяржаўнай улады і выказала сваю падтрымку прэзідэнту і ўраду Турэцкай Рэспублікі. Паводле дадзеных знешнепалітычнага ведамства нашай краіны, інфармацыі аб пацярпелых падчас сутыкненняў беларусах няма. МЗС рэкамендуе нашым грамадзянам у найбліжэйшы час устрымацца ад запланаваных паездак у Турцыю.