У Турцыі была ўчынена спроба дзяржаўнага перавароту

16 июля 2016

Чарговы дзень прынёс новыя неспакойныя навіны. На гэты раз чырвоным колерам на геапалітычнай карце планеты пазначаная Турцыя. Там мінулай ноччу была ўчынена спроба дзяржаўнага перавароту. Група вайскоўцаў, у тым ліку вышэйшае кіраўніцтва Узброеных сіл, узяла ў заложнікі начальніка Генштаба і паспрабавала зрынуць урад краіны. На вуліцы Анкары і Стамбула вывелі танкі, гарады абстрэльвалі з паветра. Прыхільнікі прэзідэнта Эрдагана спрабавалі перашкодзіць путчыстам. Як вынік - каля трохсот загінуўшых і сотні параненых. Спроба ваеннага перавароту правалілася, заяўляюць улады краіны. У Анкары, Стамбуле і іншых гарадах працягваюцца арышты тых, хто мае дачыненне да ўзброенага мецяжу. Паступаюць паведамленні аб сутычках - яны, зрэшты, носяць лакальны характар і непараўнальныя з тым, што адбывалася ў Турцыі ўначы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў пасланне Прэзідэнту Турэцкай Рэспублікі Рэджэпу Таіпу Эрдагану ў сувязі са спробай ваеннага перавароту ў гэтай краіне. У пасланні выказваюцца словы падтрымкі і салідарнасці з легітымнай уладай Турцыі. Нашы карэспандэнты паспрабавалі аднавіць храналогію падзей мінулых сутак.

Расказвае Юрый Казлоў. Навіны аб спробе ваеннага перавароту ў Турцыі сталі для многіх громам сярод яснага неба. Усю ноч свет у напружанні сачыў за паведамленнямі інфармагенцтваў і карыстальнікаў сацсетак, якія знаходзіліся на месцы падзей.

23:30 - першая інфармацыя пра тое, што ў Турцыі адбыўся пераварот, з'явілася прыкладна за паўгадзіны да паўночы па мясцовым часе, ён супадае з мінскім. Адразу некалькі ўплывовых СМІ паведамілі, што ўлада ў краіне поўнасцю перайшла да вайскоўцаў. У рабоце нацыянальнага сегмента Інтэрнэту назіраюцца збоі.

23:50 - становіцца вядома, што абодва масты, якія злучаюць еўрапейскую і азіяцкую часткі Стамбула, занятыя танкамі. Салдаты ўвайшлі ў штаб-кватэру дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ў Анкары. Мясцовыя тэлеканалы пачынаюць трансліряваць прагноз надвор'я. У чыіх руках знаходзіцца ўлада ў краіне, незразумела. У аэрапорт сталіцы ўваходзяць танкі. Паветраная гавань закрываецца. Вылеты адмяняюць.

Поўнач - над Анкарой лятаюць знішчальнікі. Урад уводзіць у краіне каменданцкую гадзіну, армія - ваеннае становішча. Нацыянальнае тэлебачанне вяртаецца ў эфір - вядучая навін зачытвае заяву вайскоўцаў.

З афіцыйнай заявай выступае і прэм'ер-міністр Турцыі Біналы Йылдырым. Паводле яго слоў, тое, што адбываецца ў краіне, не пераварот, а толькі яго спроба, якая будзе пакараная па ўсёй строгасці закона. У эфіры CNN Turk з'яўляецца і прэзідэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган. Кіраўнік дзяржавы звяртаецца да народа праз мабільны дадатак FaceTime і заклікае прыхільнікаў выходзіць на вуліцы і перашкаджаць дзеянням мяцежнікаў. Такія ж просьбы раздаюцца праз гучнагаварыцелі з турэцкіх мінарэтаў. Людзі адказваюць на заклікі. Жыхары Анкары і Стамбула перакрываюць дарогу танкам і скандзіруюць: "Вайскоўцы, сыходьце!"

Гадзіна ночы. Раздаецца стральба ў аэрапорце Стамбула. У Анкары чуваць магутны выбух. Горад абстрэльваюць ваенныя верталёты. Танкі акружаюць парламент. З паветра на будынак скідваюць бомбу.

Вайскоўцы паведамляюць, што ў іх у заложніках знаходзіцца начальнік Генштаба Хулусі Акара, а прэзідэнт Эрдаган уцёк з краіны і просіць сховішча ў Германіі.

Дзве гадзіны ночы. Духавенства і буйныя партыі, у тым ліку апазіцыйныя, выступаюць супраць перавароту. За захаванне канстытуцыйнага ладу ў Турцыі выказваюцца прэзідэнт ЗША Барак Абама і нямецкі ўрад. Словы падтрымкі і салідарнасці з легітымнай уладай Рэджэпу Таіпу Эрдагану накіраваў і Аляксандр Лукашэнка. Тым часам у Стамбуле вайскоўцы адкрываюць агонь па натоўпе праўрадавых дэманстрантаў. Трагедыя адбываецца на перакрытым мосце цераз Басфор. Ёсць загінуўшыя і параненыя.

Праз гадзіну міністр абароны краіны заяўляе, што ў перавароце ўдзельнічае невялікая колькасць вайскоўцаў. Большая частка арміі па-ранейшаму падпарадкоўваецца галоўнакамандуючаму. З'яўляюцца першыя паведамленні аб тым, што мяцеж падаўлены.

06:00 - перастрэлкі ў Анкары і Стамбуле працягваюцца да раніцы. Паралельна праходзяць арышты тых, хто датычны да перавароту. СМІ транслююць кадры з моста цераз Басфор, па якім вайскоўцы ідуць з узнятымі рукамі. Усяго арыштаваныя каля трох тысяч чалавек. Сярод іх пяць генералаў і каля 30-ці палкоўнікаў.

Штат Пенсільванія турэцкі прэзідэнт згадвае нездарма. Там жыве грамадскі дзеяч, былы імам і прапаведнік Фетхулах Гюлен - Анкара лічыць яго галоўным ідэолагам падзей гэтай ночы. У 2008 годзе Гюлен быў названы самым уплывовым інтэлектуалам свету паводле версіі Foreign Policy, а часопіс Time ўключыў яго ў спіс ста самых уплывовых людзей свету. Нягледзячы на заяву аб падаўленні мецяжу, на працягу дня ў Анкары і Стамбуле адбываліся лакальныя сутычкі паміж лаялістамі і путчыстамі.

Пасля поўдня невялікая група мяцежнікаў выкрала галоўнакамандуючага ВМС краіны і захапіла ваенны фрэгат.