У цэнтры Кіева зноў палаткі

17 октября 2017

Плошча Канстытуцыі насупраць украінскага парламента запоўнена ўкраінцамі, якія патрабуюць адмены дэпутацкай недатыкальнасці, стварэння антыкарупцыйных судоў і галасавання па адкрытых партыйных спісах.

Не да дыпламатыі было ўжо сёння раніцай народнаму дэпутату Уладзіміру Парасюку і начальніку Упраўлення дзяржаўнай аховы Валерыю Гелетэю. Сварка хутка перарасла ў бойку.

Ну а бліжэй да вечара эмоцыі ў цэнтры Кіева дасягнулі пункта кіпення. У Аляксея Ганчарэнку - дэпутата ад блока Пятра Парашэнкі - кінулі яйка, калі ён хацеў прайсці да будынка парламента праз натоўп. Апаненты прадоўжылі абменьвацца знявагамі.

Маніфестантаў стрымліваюць тры з паловай тысячы супрацоўнікаў Нацгвардыі і кіеўскай паліцыі.

Нягледзячы на аб’яўлены ўдзельнікамі мірны характар акцыі, сутыкненняў пазбегнуць не ўдалося. Актывісты партыі "Рух новых сіл" і прыхільнікі батальёна "Данбас" падчас канфлікту з праваахоўнікамі зламалі адну з рамак металашукальніка ля будынка Кабінета міністраў і выламалі агароджу.

У сярэдзіне дня на пяцітысячны мітынг актывістаў і прыхільнікаў "Руху новых сіл" прыбыў Міхаіл Саакашвілі. Экс-губернатар Адэскай вобласці, пазбаўлены раней украінскага грамадзянства, звярнуўся да натоўпу, заявіўшы, што "гэта пачатак вялікага шляху", і запатрабаваў адстаўкі Пятра Парашэнкі. Дарэчы, сёння раніцай Парашэнка ўнёс у Вярхоўную раду законапраект, які прапануе адмяніць дэпутацкую недатыкальнасць.

Бліжэй да вечара мітынгоўцы пачалі выстаўляць на плошчы Канстытуцыі прынесеныя з сабой палаткі. Арганізатары мітынгу заклікаюць не выпускаць дэпутатаў з будынка Рады, пакуль не будуць выкананыя патрабаванні ўдзельнікаў акцыі.