У гандлёвым комплексе ў Казані пад заваламі могуць знаходзіцца яшчэ каля 25 чалавек

12 марта 2015

У казанскім гандлёвым комплексе "Адмірал" пад заваламі могуць знаходзіцца яшчэ каля 25 чалавек. На разбор, паводле ацэнак МНС, пойдзе не менш як два дні. У спісе загінуўшых на гэту гадзіну - 5 прозвішчаў. Нагадаем, пажар у комплексе ўзнік напярэдадні каля поўдня. Агонь распаўсюджваўся з вялікай хуткасцю. Эвакуіравалі 250 працаўнікоў і каля 400 наведвальнікаў. Плошча ўзгарання дасягнула 4 тысяч квадратных метраў, затым абваліўся адзін з уваходаў, у выніку пад заваламі і аказаліся людзі. Папярэдне прычынамі трагедыі называюць узгаранне электраправодкі, халатнасць персаналу і шматлікія відавочныя парушэнні пажарнай бяспекі. У бальніцах Казані застаюцца 16 пацярпелых, у тым ліку двое пацярпелых супрацоўнікаў МНС.