У Татарстане расследуюць прычыны крушэння Boeing-737

18 ноября 2013

У Следчым камітэце асноўнымі версіямі трагедыі называюць памылку ў пілатаванні і тэхнічныя фактары, уключаючы сапсаванне тэхнікі. Лайнер разбіўся напярэдадні каля сямі вечара пры паўторным заходзе на пасадку ў аэрапорце Казані.

Будынак аэравакзала будзе зачынены яшчэ як мінімум найбліжэйшую гадзіну. Людзі нясуць кветкі да ўваходу ў адзін з тэрміналаў аэрапорта Казані. На другім паверсе са сваякамі ахвяр працуюць псіхолагі. Працэдура апазнання цел можа зацягнуцца, бо для ўсталявання асобы загінуўшых спатрэбіцца экспертыза ДНК.

Сярод загінуўшых у авіякатастрофе - старэйшы сын прэзідэнта Рэспублікі Ірэк Мініханаў, кіраўнік упраўлення ФСБ па Татарстане Аляксандр Антонаў і грамадзянкі Вялікабрытаніі і Украіны, а таксама - двое дзяцей. У рэспубліцы сёння аб'яўлена жалоба.


Свае спачуванні выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, Прэзідэнту Татарстана Рустаму Мінінханаву, а таксама родным і блізкім загінуўшых.


Расказвае Андрэй Нікалаенка: Боінг-737-500, які ляцеў з Масквы ў Казань, зваліўся на зямлю, не дацягнуўшы ўсяго 150 метраў да ўзлётна-пасадачнай паласы. Перад гэтым экіпаж паветранага судна экстранна паведаміў дыспетчарам, што не гатовы да пасадкі, і запытаў дазвол на другі круг. Набіраючы вышыню, машына, як мяркуюць спецыялісты, магла зачапіць крылом зямлю. Пры ўдары адбыўся ўзрыў паліўных бакаў, і самалёт вокамгненна агарнула полымя. Цалкам патушыць агонь атрымалася толькі раніцай.


Уладзімір Маркін, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Расіі: Папярэдніх версій здарэння некалькі: недапрацоўка пілотаў, збой абсталявання, а таксама складаныя пагодныя ўмовы і няякаснае паліва.


Гэты самалёт знаходзіўся ў эксплуатацыі ўжо 23 гады - узрост самавіты, але, паводле слоў экспертаў, не крытычны для паветранага судна. Вядома, што да гэтага яно ўжо лётала ў Бразіліі, Францыі, Балгарыі, Румыніі і Угандзе і толькі ў 2008 патрапіла ў Расію. Нацыянальны савет ЗША па бяспецы на транспарце ўжо паведаміў, што накіруе ў Казань групу спецыялістаў для садзейнічання ў расследаванні авіякатастрофы. Паміж тым следчыя вывучаюць дакументы авіяперавозчыка, правядуць і аналіз паліва, якім запраўлялі самалёт перад вылетам з Дамадзедава.


Дар'я Коршунава, кіраўнік прэс-службы аэрапорта Дамадзедава: Штаб па надзвычайных сітуацыях працуе ў Дамадзедава. Усе, што мы ў сілах зрабіць для расследавання прычын катастрофы і для дапамогі сваякам загінуўшых, мы зараз робім. Супрацоўнікі Дамадзедава выказваюць спачуванні родным і блізкім тых, хто загінуў у катастрофе.


Зараз у Казані ўжо пачалося апазнанне загінуўшых. Аднак большасць целаў знявечана агнём, хутчэй за ўсё, запатрабуецца экспертыза ДНК. У аэрапорце створаны штаб аператыўнай псіхалагічнай дапамогі, дзе яна аказваецца сваякам ахвяраў катастрофы, якія прыбываюць сюды. Некаторыя з іх, хто прыехаў сустракаць блізкіх у аэрапорт, на ўласныя вочы бачылі падзенне самалёта.


Уладзімір Пучкоў, кіраўнік МНС Расіі: У першую чаргу мы дапамагаем сваякам кожнага пасажыра і кантралюем працу ўсіх адпаведных службаў. Па-другое, мы вядзем працы па пошуку целаў. Таксама мы дапаможам следчым у іх працы.


У гісторыі авіялайнераў мадэлі Боінг-737 - 174 крушэнні, уключаючы катастрофу ў Казані. У іх загінулі каля чатырох тысяч чалавек. У Расіі да катастрофы ў Татарстане Боінг-737 цярпеў крушэнне толькі аднойчы: 14 верасня 2008 года пасажырскі самалёт кампаніі Аэрафлот-Норд зваліўся ў межах горада Перм. Ён паваліўся на чыгунку, загінулі ўсе 88 чалавек, якія знаходзіліся на борце.